Спадчына Беларусі
ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ
Інфармацыйная сістэма
КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВЫ ФАЛЬКЛОР

Вывучэння беларускага каляндарна-абрадавага комплексу прайшло працяглы і шматпластовы шлях, які ўмоўна падзяляецца на шэсць этапаў.

Першы, ранні этап (сярэдзіна XII – XVIII стст.) прадстаўлены выпадковымі звесткамі ў летапісах, царкоўных і палемічных творах, замежных хроніках. Тут фіксуюцца рэшткі язычніцкіх уяўленняў, каляндарная тэрміналогія, а таксама астранамічныя і метэаралагічныя назіранні.

Другі этап (пачатак XIX – 1860-я гг.) адзначаецца мэтанакіраваным зборам фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, у тым ліку падчас экспедыцый. У гэты час фарміруецца беларуская фалькларыстыка, хоць дамінуюць польская і расійская навуковыя школы. Асаблівую ролю адыгралі працы М. Чарноўскай, З. Даленгі-Хадакоўскага, Л. Юцэвіча, П. Шпілеўскага.

Трэці этап (1870-я гг. – пачатак 1920-х гг.) характарызуецца павышэннем якасці і сістэматызацыі матэрыялаў. Даследчыкі фіксуюць не толькі тэксты, але і мелодыі, што дазваляе вылучыць рытуальны канон. Вялікі ўклад зрабілі П. Шэйн, Е. Раманаў, М. Нікіфароўскі. Асаблівае значэнне мае трохтомная праца Я. Карскага «Беларусы», дзе ўпершыню была прапанавана цэласная класіфікацыя каляндарных песень і абрадаў.

Чацвёрты этап (1920–1930-я гг.) звязаны з інстытуцыяналізацыяй беларускай навукі ў БССР. Інбелкульт і Цэнтральнае бюро краязнаўства арганізоўвалі экспедыцыі, распрацоўвалі праграмы збору фальклору, выдавалі часопіс «Наш край». Хоць значная частка сабраных матэрыялаў была страчана падчас вайны, менавіта ў гэты час былі закладзены асновы сістэмнага вывучэння.

Пяты этап (1945–1991 гг.) адзначаецца аднаўленнем даследаванняў пасля вайны і стварэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Арганізоўваюцца маштабныя экспедыцыі па ўсіх абласцях, фарміруецца фальклорны архіў, рыхтуецца шматтомны звод «Беларуская народная творчасць». Актыўна ўключаюцца ў працу ВНУ, асабліва БДУ, дзе адкрываецца лабараторыя беларускага фальклору.

Шосты этап (з 1991 г. да нашых дзён) характарызуецца пашырэннем факталагічнай базы і новымі метадалагічнымі падыходамі. Даследчыкі выкарыстоўваюць міждысцыплінарныя метады, антрапалагічную трактоўку абраду, канцэпцыю яго як сістэмы кодаў. Асаблівая ўвага надаецца трансфармацыі абраднасці ў гарадскім асяроддзі, працэсам рэвіталізацыі і мадэрнізацыі.

Такім чынам, гістарыяграфія вывучэння беларускага календара прайшла шлях ад выпадковых згадкаў у сярэднявечных крыніцах да сучасных міждысцыплінарных даследаванняў, якія разглядаюць абраднасць як складаную сістэму культурных сэнсаў.

Чарноўская Марыя, беларуская і польская фалькларыстка, этнограф пачатку 19 ст. У часопісе «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік», 1817, т. 6) апублікавала першы ў беларускай этнаграфіі і фалькларыстыцы спецыяльны артыкул «Рэшткі славянскай міфалогіі, што захоўваюцца ў звычаях вясковага люду на Белай Русі». Матэрыялы сабрала ў маёнтку Губіншчына і навакольных вёсках Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Гэта быў першы зварот да паэзіі беларускага народнага календара як да крыніцы пазнання народнага светапогляду. Падрабязна апісала народнае святкаванне Купалля, Радаўніцы, «зялёных святак». Прасачыла характэрныя для Магілёўшчыны асаблівасці гэтых абрадаў, звязаныя з імі павер’і народа. Упершыню апублікавала беларускія народныя песні ў арыгінале з нотамі («Купала на Івана», «Русалачкі, зямляначкі», «Мы вяночкі звілі», «На Тройцу мы вянкі вілі» і інш.) з асаблівасцямі гаворкі Чэрыкаўшчыны. Яе матэрыялы выкарыстоўваў у сваіх даследаваннях Л. Галамбёўскі.
Творы:

  • Czarnowska Marya. Zabytki mitołogii sławiańskiej w zwyczajach weiskiego ludu na Białej Rusi dochowzwane // Dziennik Wileński. Wilno, 1817. T. 6. S. 396–408. (Першы ў этнаграфіі і фалькларыстыцы спецыяльны артыкул, прысвечаны асобным з’явам беларускага народнага календара. Падрабязна апісана народнае святкаванне Купалля, Радаўніцы, «зялёных святак». Упершыню апублікаваны беларускія народныя песні ў арыгінале з нотамі («Купала на Івана», «Русалачкі, зямляначкі», «Мы вяночкі звілі», «На Тройцу мы вянкі вілі» і інш.) з асаблівасцямі гаворкі Чэрыкаўшчыны).

Фалютынскі Казімір, фалькларыст, этнограф 19 ст. Ураджэнец Віцебшчыны. Запісваў узоры вусна-паэтычнай творчасці ў ваколіцах Віцебска, Полацка, Лепеля, Суража і інш. Яго назіранні і запісы ляглі ў аснову працы «Народныя святы, увесяленні, павер’і і забабонныя абрады жыхароў Беларусі» (1828), надрукаваны ў часопісе «Вестник Европы». У ёй Фалютынскі закрануў тэму ўшанавання нябожчыкаў, даў кароткія звесткі пра Радаўніцу, Памінкі. Сярод каляндарных абрадаў апісаў Каляды, зажынкі, дажынкі, увозкі, акладзіны, талаку і інш. фрагменты земляробчага цыкла беларускага селяніна. Прыведзеныя ім запісы не заўсёды адзначаліся дакладнасцю і былі пазбаўлены пашпартызацыі.
Творы:

  • Фалютыньский К. Народные праздники, увеселения, поверия и суеверные обряды жителей Белоруссии // Вестник Европы. 1828. № 5–8. С. 75–92. (Адна з першых публікацый на рускай мове, прысвечаных апісанню народных каляндарных і сямейных свят, звычаяў і абрадаў беларускіх сялян паўночнай Беларусі).

Мухлінскі Антон Восіпавіч (1808–1877), этнограф, усходазнавец. Прафесар цюркалогіі (1839). Скончыў павятовую школу ў Маладзечне. Вучыўся ў Віленскім (з 1822) і Пецярбургскім (з 1828) універсітэтах. Падарожнічаў па Турцыі і Егіпце. У Пецярбургскім універсітэце выкладаў арабскую і турэцкую мовы, гісторыю і геаграфію Турцыі, у 1859–66 дэкан факультэта ўсходніх моў. Даследаваў культуру татар на Беларусі, асабліва прыказкі і прымаўкі, замовы, забабоны, чары, прымхі, вывучаў іх помнікі пісьменства – кітабы. У артыкуле «Святы, забавы, забабоны і прымхлівыя абрады простага народа ў Навагрудскім павеце Літоўска-Гродзенскай губерні» («Вестник Европы», 1830, ч. 172) зрабіў апісанне каляндарных і сямейных абрадаў, вызначыў іх месца ў жыцці народа як даніну старажытнай традыцыі. Задушны дзень апісаны пад уплывам паэмы «Дзяды» А.Міцкевіча. Апісаў таксама дажынкі і т.зв. дасеўкі. Выкарыстоўваў творы польскай рамантычнай паэзіі як крыніцу фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, таму ў апісанні падання пра возера Свіцязь капіраваў баладу А.Міцкевіча. З яго «Даследавання пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (1857) пачалося вывучэнне беларускіх тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх упершыню транслітарыраваў Мухлінскі. Аўтар «Слоўніка выразаў, якія прыйшлі... у нашу мову з усходніх моў...» (1858) і інш.
Творы:

  • Мухлинский А. Праздники, забавы, предрассудки и суеверные обряды простого народа в Новогрудском повете Литовско-Гродненской губернии // Вестник Европы. 1830. № 14. С. 147–153, № 15–16. С. 271–276. (Артыкул (пераклад з польскай мовы) прысвечаны язычніцкім перажыткам у народным побыце сялян Навагрудскага павета. Апісаны Дзяды, Купалле, «дасеўкі», дажынкі).

Галамбёўскі Лукаш (1773–1849), польскі гісторык, этнограф, перакладчык, архівіст. Скончыў школу піяраў у Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т. Чацкага. У 1818–23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 член Таварыства сяброў навук, якое скіроўвала да збору народнай творчасці, у 1824–31 яго сакратар (звольнены пасля паўстання 1830–31). З 1827 прафесар літаратуры педагагічнага інстытута. Быў знаёмы з З.Даленгай-Хадакоўскім. У кнізе «Люд польскі, яго звычаі і забабоны» (1830) змясціў апісанні беларускіх абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З. Даленгі-Хадакоўскага, М. Чарноўскай і інш. Беларускія матэрыялы ёсць у яго кнізе «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнаграфічнай літаратуры апісаў абрад Куст на Палессі, апублікаваў легенды пра папараць-кветку, дажынкавую песню, ноты беларускіх купальнай і русальнай песень. Апісваў побыт, народныя абрады, звычаі, святы, фальклор беларусаў і інш.
Творы:

  • Gołębiowski Ł. Lud polski, jego zwyczaje i zabobony. Warszawa, 1830. (Сярод іншага змяшчае апісанні побыту, звычаяў і абрадаў беларускіх сялян).
  • Gołębiowski Ł. Gry i zabawy różnych stanów w kraju całym lub w niektórych tylko prowincjach. Warszawa, 1831. (У кнізе, прысвечанай гульням, забавам, абрадам, звычаям, танцам і музыцы, пададзены звесткі пра беларускае народнае Купалле, русальны тыдзень, абрад Куст, дажынкі і інш.)

Чачот Ян (1796–1847), беларускі і польскі паэт, фалькларыст, перакладчык. Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815). Вучыўся ў Віленскім універсітэце (1815–16). Працаваў у бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў (Вільня), на Лепельшчыне і ў бібліятэцы Храптовічаў на Навагрудчыне. З 1818 член таварыства філаматаў. Збіраў беларускія народныя песні, казкі, загадкі, прыказкі і інш. У запісах фальклорных твораў імкнуўся захаваць асаблівасці беларускіх гаворак, дакладнасць у апісанні народных звычаяў і абрадаў. Сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і ў 1837–46 выдаў іх у шасці зборніках пад назвай «Вясковыя песенькі» («Piosnki wieśniacze»), куды ўвайшлі песні ў перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, прыказкі, прымаўкі, слоўнік незразумелых слоў з песень з польскімі адпаведнікамі і ўласныя беларускія вершы. Сярод песень каляндарнага цыклу вылучаюцца валачобныя, або велікодныя, юр’еўскія, або вясеннія, купальскія, або святаянскія, калядныя, або Божага нараджэння, жніўныя, або летнія, дажынкавыя. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы зроблена спроба навуковай класіфікацыі і жанрава-тэматычнага аналізу сабранага фальклорнага матэрыялу, ацэнкі вартасці і значэння беларускага фальклору ў развіцці нацыянальнай літаратуры і культуры.
Творы:

  • Piosnki wieśniacze z nad Niemna: we 2 częściach. Wilno, 1837.
  • Piosnki wieśniacze znad Niemna i Dźwiny. Wilno, 1839.
  • Piosnki wieśniacze znad Dźwiny: ks. 3. Wilno, 1840.
  • Piosnki wieśniacze znad Niemna i Dźwiny, z dołączeniem pierwotwornych w mowie sławiano-krewickiej. Wilno, 1844.
  • Piosnki wieśniacze z nad Niemna, Dniepra i Dniestra. Wilno, 1845.
  • Piosnki wieśniacze z nad Niemna i Dźwiny, niektóre przysłowia i idiotyzmy, w mowie sławiano-krewickiej, s postrzeżeniami nad nią uczynionemi. Wilno, 1845.
(У шасці выпусках «Вясковых песенек» было надрукавана больш пяцісот беларускіх народных песень розных жанраў. У першых трох выпусках пададзены песні толькі ў перакладзе на польскую мову. Першая кніга змяшчае 15 песень гадавога круга, пераважна жніўных. Больш 10, у тым ліку 2 купальскія і восеньская «Чаго ты, лосю?», ёсць у другім зборніку «Вясковых песенек». У трэцяй кніжцы, якая, як і папярэднія, пачынаецца каляндарна-абрадавай паэзіяй, маюцца ўжо ўзоры ўсіх каляндарных цыклаў – усяго каля 20 песень. Чацвёрты зборнік прынцыпова розніцца ад папярэдніх тым, што дае ўжо 20 песень на мове арыгіналу. Найбольшую навуковую цікавасць мае апошні, шосты, зборнік «Вясковых песенек». У ім пададзена 99 тэкстаў беларускіх народных песень. Амаль трэць зборніка складаюць песні гаспадарчага народнага календара: калядныя, валачобныя, юр’еўскія, купальскія, жніўныя. Усе без выключэння гэта песні ўласна каляндарныя).

Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч (1809–1886), беларускі і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829–30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгапілс, Латвія), дзе сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830–31. У адной з сутычак з непрыяцелем страціў ранец з фальклорнымі запісамі. З 1832 у Парыжы. Быў блізкі з А.Міцкевічам. У лістападзе 1839 у Парыжы на пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства прачытаў рэферат пра беларускія народныя песні. У фальклорна-этнаграфічным даследаванні «Беларусь» (Парыж, 1840) першы ў гісторыі беларускай фалькларыстыцы сістэматызаваў творы вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа. Вылучаў песні рэлігійныя (называў так валачобныя і калядныя), вясельныя, пахавальныя, гістарычныя, танцавальныя, песні пра каханне і інш. Усебакова апісаў абрад валачобніцтва з пачынальнікам і механошам. З 1846 у Лондане. Пасля вяртання на радзіму (1859) працягваў запісы беларускай вусна-паэтычнай творчасці.
Творы:

  • Rypiński A. Białoruś: kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. Paryż, 1840.
(Першая ў гісторыі фалькларыстыцы комплексная сістэматызацыя вусна-паэтычнай твораў беларускага народа. Апісаны абрад валачобніцтва, прыведзены ўзоры валачобных песень; шырока апісаны абрад дажынак з прадстаўленнем дажыначных песень; агулам ахарактарызавана музычна-песенная культура беларусаў і інш.).

Тышкевіч Канстанцін Піевіч (1806–1868), археолаг, этнограф, гісторык, краязнавец. Член Маскоўскага археалагічнага таварыства (1864). Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1828). У 1828–36 працаваў у міністэрстве фінансаў у Варшаве. Удзельнік паўстання 1830–31. З 1836 жыў у Лагойску, дзе заснаваў музей старажытнасцей, сабраў архіў старажытных рукапісаў, калекцыю мастацкіх твораў, каштоўную бібліятэку. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі. У 1857 арганізаваў экспедыцыю па Віліі. Удзельнічаў у этнаграфічнай выстаўцы ў Маскве (1867). Побыт беларусаў і літоўцаў, іх абрады, звычаі, фальклор апісаў у манаграфіі «Вілія і яе берагі» (1871, на польскай мове). Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў, замчышчаў у Мінскай губерні, склаў першыя тапаграфічныя планы гарадзішчаў.
Творы:

  • Tyszkiewicz K. Wilija i jej brzegi: pod względem hydrograficznym, historycznym, archeologicznym i etnograficznym. Drezno, 1871.
(Кніга стала вынікам навуковай экспедыцыі па р.Віліі, арганізаванай графам К.Тышкевічам у 1857 г. Змяшчае апісанні гістарычных мясцін, культурных помнікаў, народнага побыту, звычаяў і абрадаў, легенды і паданні і інш. Апошні раздзел, прысвечаны народнай песні, змяшчае каля 100 песенных тэкстаў. Абсалютная большасць з іх – беларускія. Песні падаюцца па паветах, пачынаючы з Барысаўскага. З гэтага павета надрукавана пад назвай «Запусная» юр'еўская песня і па адной песні для хлопца і дзяўчыны, 4 валачобныя, 2 пятроўскія. 6 купальскіх з Вілейскага павета, 1 са Свянцянскага. Сярод песень, запісаных у Віленскім павеце, – 2 жніўныя і 2 купальскія, 1 жніўная. Усяго ў кнізе змешчана 20 песень беларускага народнага календара).

Тышкевіч Яўстафій Піевіч (1814–1873), археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст. Ганаровы член Пецярбургскай і Стакгольмскай АН, Лонданскага археалагічнага інстытута. Скончыў Мінскую гімназію (1831). З 1832 працаваў у бібліятэках Пецярбурга. З 1835 знаходзіўся на службе ў канцылярыі віленскага, потым харкаўскага генерал-губернатара. З 1840 ганаровы апякун школ, з 1844 маршалак шляхты Барысаўскага павета. У 1847 у Мінску член часовай камісіі па разборы і выданні старажытных актаў, грамат і прывілеяў 16–18 ст. гарадоў Мінскай губерні. З 1848 куратар Мінскай гімназіі, з 1855 куратар і папячыцель Віленскага музея старажытнасцей. Арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археалагічную камісію. Пасля паўстання 1863 вызвалены ад усіх пасад. Аўтар кнігі «Апісанне Барысаўскага павета» (1847, на польскай мове), у якой сабраны геаграфічныя, прыродна-кліматычныя, гістарычныя, эканамічныя, сельскагаспадарчыя, рэлігійныя, архітэктурныя, статыстычныя звесткі па г.Барысаў і Барысаўскім павеце. У гэтай кнізе змешчаны сямейныя (каля 160 вясельных песень) і каляндарныя абрады, звычаі, святы (Каляды, Вялікдзень, Купалле, зажынкі, дажынкі, Дзяды, Спас і інш.), вераванні, уключана больш за 400 прыказак, прымавак і інш. трапных народных выразаў. Я.Тышкевіч першы з беларускіх этнографаў увёў у навуковы ўжытак тэрмін «гадавы земляробчы каляндар».
Творы:

  • Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu borysowskiego: pod względem statystycznym, geognostycznym, historycznym, gospodarczym, przemysłowo-handlowym i lekarskim: z dodaniem wiadomości: o obyczajach, spiewach, przysłowiach i ubiorach ludu, gusłach, zabobonach i t. d. Wilno, 1847.
(У кнізе маецца вялікі раздзел «Люд і яго звычаі», у першай частцы якога пад назвай «Абрады вясковага люду з пабярэжжа Беразіны, нагляданыя і сабраныя ў Пабярэжжы і Скупліне ў 1846 годзе Е. М.» дадзена апісанне Купалля, Куцці, Каляд, Святых вечароў, Вялікадня, Юр’я, Спаса, зажынак, абраду пакрывання поля, дажынак. Як ілюстрацыя прыводзяцца тэксты песень купальскіх – 5, валачобных – 1, калядных – 4, жніўных – 8. Я.Тышкевіч першы з беларускіх этнографаў увёў у навуковы ўжытак тэрмін «гадавы земляробчы каляндар»).

Зянькевіч Рамуальд Сымонавіч (1811–1868), фалькларыст, этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай павятовай школе, у доме князёў Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа: запісваў народныя казкі, песні, легенды, паданні, абрады і звычаі, вераванні і інш. Самая ранняя публікацыя – абразок пра ваджэнне «Казы» на Каляды (1843). Спецыяльны нарыс пра палескі фальклор «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам», апублікаваў у часопісе «Atheneum» («Атэнэум», 1847, т. 4), у якім апісаў калядкі, песні веснавога і летняга цыклаў беларускага селяніна і інш.; спрабаваў класіфікаваць іх паводле народнага гаспадарчага календара. Захоўваў спецыфічныя асаблівасці мясцовых дыялектаў. У зборніку «Народныя песенькі пінскага люду» (Коўна, 1851) змясціў 219 народных песень, запісаных над Пінай, Прыпяццю і Цной, – калядныя, веснавыя, купальскія, жніўныя, талочныя, вясельныя і інш. Апісаў мясцовыя каляндарныя і сямейныя абрады. Каментарыі да гэтых песень расшырыў і з дапаўненнямі апублікаваў у артыкуле «Пра ўрочышчы і звычаі пінскага люду, а таксама пра характар яго песні» («Biblioteka Warszawska», 1852, т. 4; 1853, т. 1). У артыкуле ў агульнаславянскім кантэксце даў падрабязнае апісанне працоўных працэсаў, нораваў, звычаяў народа, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў, закранаў пытанні генезісу народнай песні і інш. Упершыню шырока расказаў пра старажытны веснавы абрад Куст, пахавальныя абрады і звычаі, памінальны абрад Дзяды. Фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы Зянькевіча перадрукоўвалі Ю.Крачкоўскі, О.Кольберг і інш.
Творы:

  • Zieńkiewicz R. Piosenki gminne ludu Pińskiego. Kowno, 1851.
  • (У зборнік уключана больш 200 тэкстаў песень, пададзеных паралельна ў арыгінале і аўтарскім перакладзе на польскую мову. Існуюць раздзелы: калядныя песні, вясельныя, веснавыя, куставыя, купальскія, летнія, жніўныя і інш. Каляндарных песень – 88, што складае каля 60 працэнтаў усіх песенных тэкстаў, змешчаных у кнізе. З песень гадавога кола найшырэй прадстаўлены калядкі, шчадроўкі, вяснянкі, вельмі сціпла – купальскія. Новай жанравай разнавіднасцю, да таго не публікаванай, былі пададзеныя ў зборніку куставыя песні).
  • Zieńkiewicz R. O uroczyskach i zwyczajach ludu pińskiego oraz o charakterze jego pieśni // Biblioteka Warszawska. Warszawa, 1852. T. 4, 1851. T 1.
  • (У працы прадстаўлена апісанне каляндарных звычаяў і абрадаў жыхароў Піншчыны (калядаванне, варажба, хаджэнне з казой і інш.). Каштоўным з’яўляецца сведчанне пра абрад Куст, даволі поўнае апісанне гэтага звычаю. Вельмі коратка апісана святкаванне Купалля і зусім цьмяна дажынкі. Асобным раздзелам пададзены «Дзяды»).

Анімеле Мікалай,этнограф і краязнавец 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губерні. Па праграме Рускага геаграфічнага таварыства збіраў фальклор, запісваў абрады, звычаі і інш. У працы «Побыт беларускіх сялян» («Этнографический сборник». СПб., 1854. Вып. 2) апублікаваў матэрыялы пра сямейныя і каляндарныя святы, абрады і звычаі беларусаў Віцебскай губерні. Вельмі грунтоўна апісаў вяселле. Анімеле пакінуў нагляднае сведчанне таго, як праходзіў Піліпаўскі пост, спраўлялася Куцця, святкаваліся Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Юр’е, адбываліся дажынкі і талокі. Прывёў звесткі пра жыллё, адзенне, ежу, прылады працы, хатняе начынне і інш. У даследаванне ўключыў таксама песні, паданні і вераванні, прыказкі і прымаўкі, дасціпныя выказванні і інш.
Творы:

  • Анимелле Н. Быт белорусских крестьян // Этнографический сборник. СПб., 1854. Вып. 2. С. 111–268.
(Праца заснавана ў асноўным на рукапісе вольнаадпушчанага селяніна М.Анімеле. У ёй даволі падрабязна апісаны сямейны і грамадскі побыт сялян паўночнай Беларусі. Немалая ўвага была звернута на народны каляндар. Анімеле пакінуў нагляднае сведчанне таго, як праходзіў Піліпаўскі пост, спраўлялася Куцця, святкаваліся Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Юр’е, адбываліся дажынкі і талокі. Прыведзены ўзоры песень калядных, валачобных, купальскіх, жніўных (усяго 17 тэкстаў, у тым ліку летніх песень – 11)).

Кіркор Адам Ганоры Карлавіч (1818–1886), этнограф, гісторык, археолаг, публіцыст, выдавец, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства (1856), член Рускага геаграфічнага таварыства (1857), Акадэміі ведаў у Кракаве (1873). Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі (1832–34), скончыў Віленскі дваранскі інстытут (1838). У гімназіі зацікавіўся беларускім фальклорам і этнаграфіяй, міфалогіяй, казкамі, легендамі, паданнямі, сямейным і гаспадарчым побытам сялян. Быў пад уплывам міфалагічнай школы. Выдаваў альманахі «Radegast» («Радэгаст», 1843), у якім надрукаваў фальклорна-этнаграфічны артыкул Р.Зянькевіча «Пра народныя песні пінскага люду», «Pamiętniki umysłowe» («Разумовыя дзённікі», т. 1–3, 1845–46), у якіх друкаваў беларускі фальклорны і этнаграфічны матэрыял. З 1850 рэдагаваў «Памятную кніжку Віленскай губерні». Выязджаючы ў правінцыю, збіраў фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы: народныя песні, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, рабіў апісанні абрадаў і інш. У 1855 з Я.Тышкевічам удзельнічаў у арганізацыі музея старажытнасцей у Вільні. Быў сакратаром Віленскай археалагічнай камісіі. У 1857–58 выдаваў альманах «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік»), дзе змясціў краязнаўчы нарыс «Мінск», беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Асабліва каштоўная для беларускай навукі яго праца «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» («Этнографический сборник». СПб., 1858. Вып. 3). Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Апісаў абрады радзін, вяселля, земляробчыя народныя святкаванні, танцы і гульні. У працы больш за 100 беларускіх народных песень, 200 прыказак і прымавак, слоўнік беларускай мовы, запазычаны часткова ў Я.Чачота. Да артыкула без указання на крыніцу далучыў песні з іншых мясцовасцей, запісаныя Я.Чачотам. Грунтоўна апісаў святы Дзядоў, Каляд, Купалля, дажынкі і інш. Апісанне ілюстраваў абрадавымі песнямі, легендамі, паданнямі, прыказкамі і інш. фальклорнымі творамі. Лічыў, што на Беларусі самыя багатыя міфалагічныя паданні і песні, абрадавыя звычаі. З 1860 рэдагаваў і выдаваў газету «Виленский вестник». З 1871 у Кракаве. Народныя песні без спасылак запазычваў з прац Я.Чачота, Я.Тышкевіча. Напрыклад, песні з Барысаўшчыны і Навагрудчыны механічна далучаў да песень Віленшчыны, што зніжала навуковую вартасць яго даследаванняў. У выданне «Маляўнічая Расія» (т. 3, 1882) напісаў 18 нарысаў пра Беларусь: пра прыроду, археалогію, заняткі насельніцтва, вераванні, фальклор і культуру беларусаў. Падрабязна апісаў сямейныя і каляндарныя святы, абрады і звычаі, гульні і танцы. У народнай творчасці вышукваў элементы архаікі, разглядаў іх праз прызму міфалогіі.
Творы:

  • Киркор А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Этнографический сборник. СПб., 1858. Вып. 3. С. 115–276.
(У працы вылучаны і апісаны такія з’явы народнага календара беларусаў Віленшчыны, як Купалле, Куцця, Каляды, Святыя вечары, Тройца, Вялікдзень, дажынкі. Песенны ілюстрацыйны матэрыял у Кіркора ў асноўным запазычаны з Чачота і Тышкевіча. Акрамя жніўных, пераважна дажынкавых, у артыкуле змешчаны пятроўскія і восеньскія песні: усяго каля 10).

Шпілеўскі Павел Міхайлавіч (1823–1861), беларускі этнограф, фалькларыст, пісьменнік, журналіст, публіцыст. Кандыдат багаслоўя (1847). Вучыўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы, у Мінскай духоўнай семінарыі (1843), у Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1847). Друкаваўся пад псеўданімамі Драўлянскі, Знакомы чалавек, Барон Ікс. Даследаваў і папулярызаваў фальклор, міфалогію, этнаграфію і гісторыю Беларусі. Рабіў спробу стварэння слоўніка і граматыкі беларускай мовы. Найбольшую папулярнасць Шпілеўскаму прынеслі цыклы белетрызаваных нарысаў, апублікаваных у рускім перыядычным друку. Асабліва адметны нарыс «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853–55), у якім змешчаны этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы, апісанні беларускіх гарадоў і мястэчак. У нарысе «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853–54, 1856) зроблена апісанне сямейна-бытавых абрадаў і звычаяў, прадстаўленне чарадзейных казак; змяшчае інфармацыю пра беларускі кірмаш, калядныя вячоркі, валачобнікаў, вясельныя абрады жыхароў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Аўтар драматургічнага твора «Дажынкі: Беларускі народны звычай. Сцэнічнае прадстаўленне ў двух дзеях з хорамі, песнямі, карагодамі і танцамі беларускімі» (1857). Даследаваў гісторыю, мову і фальклор літоўскага народа («Нарысы Жмудзі», 1855).
Творы:

  • Шпилевский П. М. Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических поверьях // Пантеон. СПб., 1853. Т. 8, 9, 10, 15;1856. Т. 25, 26.
  • (У цыкле нарысаў, апублікаваных у часопісе «Пантэон», непасрэдныя адносіны да паэзіі земляробчага календара маюць «Калядныя павячоркі», «Юр’еўскі дзень», «Валачобнікі», «Абрады сялян Віцебскай і Мінскай губерняў пры ўборцы хлеба з палёў». Нарыс «Калядныя павячоркі» дае абразкі вясковага жыцця часу Каляд: саміх умоў святкавання, гульняў, песень, варажбы. Значную каштоўнасць мае нарыс, прысвечаны жніўным абрадам і звычаям. Ён з’яўляецца адным з найбольш падрабязных паэтапных апісанняў жніва, якім яно было ў паўночна-ўсходняй і цэнтральнай Беларусі ў 1840-я г. Нарыс «Юр’еў дзень» малюе шырокую карціну юр’еўскіх абрадаў і звычаяў, змяшчае адзін з найбольш поўных тэкстаў песні «Юр’еўскі конь». Нарыс «Валачобнікі» уяўляе сабой даволі поўнае апісанне валачобнага абраду).

Бяссонаў Пётр Аляксеевіч (1828–1898), рускі фалькларыст-славіст, публіцыст, гісторык літаратуры. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1851?). У 1864–67 працаваў старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі, дырэктарам Віленскай публічнай бібліятэкі і інш., уваходзіў у склад камісіі па рэарганізацыі Віленскага музея старажытнасцей. Бліжэй пазнаёміўся з беларускай гісторыяй, культурай, фальклорам. Падзяляў погляды міфалагічнай школы. Аснову зборніка «Беларускія песні» (вып. 1, 1871) склалі матэрыялы карэспандэнтаў, дасланыя П. Кірэеўскаму і П. Бяссонаву. Жанравае багацце беларускага фальклору і традыцыйную абраднасць успрымаў у з пункту гледжання праваслаўя і народнасці ў яе патрыярхальным значэнні. Падкрэсліваў архаічнасць і самабытнасць традыцыйнай культуры беларусаў. Большасць тэкстаў зборніка складаюць узоры каляндарна-абрадавай паэзіі: песні калядныя, масленічныя, валачобныя, юр’еўскія, купальскія, пятроўскія, куставыя, мікольскія, размеркаваныя ў адпаведнасці з перыядамі земляробчага календара года. Ёсць і ўрывак з батлейкі. У фальклорных працах супастаўляў абрады і звычаі, песні розных славянскіх народаў.
Творы:

  • Бессонов П. А. Белорусские песни, с подробными объяснениями их творчества и языка, с очерками народного обряда, обычая и всего быта. М., 1871. Вып. 1: Песни обрядовые.
(У зборнік, цалкам прысвечаны каляндарна-абрадавай паэзіі беларусаў, увайшлі валачобныя, велікодныя, куставыя, мікольскія, пятроўскія, купальскія, калядныя і масленічныя песні. Усяго ў першым выпуску без варыянтаў пададзены 181 песенны тэкст).

Гільтэбрант Пётр Андрэевіч (1840–1905), рускі археограф, этнограф, гісторык, фалькларыст. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце (1861–62). З 1865 па запрашэнні П.Бяссонава памочнік архіварыуса Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг, загадчык аддзела рукапісаў Віленскай публічнай бібліятэкі. З 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Санкт-Пецярбургу, з 1897 у Міністэрстве народнай асветы. У газетах «Виленский вестник», «Литовские епархиальные ведомости» пад псеўданімамі друкаваў артыкулы і рэцэнзіі па народнай творчасці. Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства перадаў яму фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Беларусі вучнямі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Частку з іх (300 песень каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавага цыклаў і інш., 151 прыказку, 93 загадкі, запісаныя пераважна ў Брэсцкім, Кобрынскім, Слонімскім, Ваўкавыскім, Пружанскім, Бельскім, Беластоцкім, Навагрудскім, Пінскім, Дзісенскім, Віленскім паветах) П.Гільтэбрант выдаў у кнізе «Зборнік помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краі» (вып. І, 1866). Усе матэрыялы ў зборніку пашпартызаваны. Сустракаюцца непаслядоўнасці ў перадачы мовы дыялектаў мясцовасці. Матэрыял для зборніка адабраны тэндэнцыйна: побач з народнымі творамі змешчаны штучныя, псеўдафальклорныя, вершы літаратурнага паходжання. Тэксты правіліся адвольна. За гэта П.Гільтэбранта крытыкавалі даследчыкі беларускай вусна-паэтычнай творчасці. Выдаючы беларускі фальклор, выдавец кіраваўся палітычнымі поглядамі, даказваў, што Беларусь – гэта частка Расіі. Беларускі фальклорны матэрыял, які ён збіраўся выдаць у 2-м выпуску, зберагаецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (г. Санкт-Пецярбург). П.Гільтэбрант арганізаваў шэраг экспедыцый на Беларусь для выяўлення рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг.
Творы:

  • Гильтебрандт П. Сборник памятников творчества в Северо-Западном крае. Вильна, 1866. Вып. 1.
(Усе матэрыялы ў зборніку пашпартызаваны. Сустракаюцца непаслядоўнасці ў перадачы мовы дыялектаў мясцовасці. Матэрыял для зборніка адабраны тэндэнцыйна: побач з народнымі творамі змешчаны штучныя, псеўдафальклорныя, вершы літаратурнага паходжання. Тэксты правіліся адвольна. Сярод 300 песень, якія складаюць зборнік, 16 тэкстаў песень уласна каляндарных, пераважна жніўных, дажынкавых, у тым ліку ўпершыню апублікаваная «Бадай пану ў двары страшна». Каляндарна-абрадавая паэзія са зборніка запісана ў Бельскім, Брэсцкім, Гродзенскім, Дзісенскім і Кобрынскім паветах).

Дзмітрыеў Міхаіл Аляксеевіч (1832–1873), рускі і беларускі этнограф, фалькларыст, педагог. Скончыў галоўны педагагічны інстытут у Пецярбургу (1853). З 1853 настаўнік дваранскага вучылішча, дырэктар гімназіі ў Навагрудку. У 1867–73 інспектар, дырэктар Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў. Член Рускага геаграфічнага таварыства (выйшаў у 1872). Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа, запісваў і вывучаў беларускі фальклор. Друкаваўся ў газетах «Виленский вестник», «Минские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», часопісах «Вестник Западной России», «Вестник Императорского Русского географического общества», «Памятная книжка Виленского генерал-губернаторства на 1868 год», «Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 год» і інш. Зрабіў апісанні шматлікіх звычаяў, абрадаў, сялянскага побыту, вераванняў («Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», 1861; «Апісанне пахавання і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні», «Абрады і звычаі заходнерускіх сялян», абодва 1867; «Норавы і звычаі заходнерускага народа», 1868; «Некалькі звестак пра хатні побыт сялян паўночна-заходніх губерняў», 1869, і інш.). Збіраў беларускую народную вусна-паэтычную творчасць, асабліва тапанімічныя і міфалагічныя легенды, паданні, былічкі, казкі, прыказкі, прымаўкі і творы інш. жанраў фальклору. Выдаў зборнік беларускай народнай паэзіі «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868) і «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869; увайшлі 277 каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых, пазаабрадавых песень, 8 казак, апісанні абрадаў, народных гульняў, забаў, танцаў). Для сваіх прац часам выкарыстоўваў запісы іншых фалькларыстаў. Са зборніка М.Дзмітрыева запазычваў народныя творы Ю.Крачкоўскі.
Творы:

  • Дмитриев М. А. Собрание песен, сказок, обрядов и обычаев крестьян Северо-Западного края. Вильна, 1869.
(У выданні маецца вялікі раздзел, прысвечаны старажытнаму сялянскаму календару, дзе змешчана апісанне Купалля, Куцці, Каляд, дажынак, прыведзены адпаведныя гэтым святам і абрадам песні. Усяго ў зборы – 57 тэкстаў песень гадавога кола, у тым ліку 4 калядныя, 2 веснавыя, 12 купалінак і 27 жніўных і дажынкавых. Падрабязна апісаны абрады і звычаі, асабліва зімовай пары. Запісы паходзяць з Навагрудчыны і Дзісеншчыны, часткова з Міншчыны. Некаторыя матэрыялы ўзяты з Я.Чачота).

Крачкоўскі Юльян Фаміч (1840–1903), фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог. Скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Адмовіўшыся ад духоўнага сану, настаўнічаў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, працаваў інспектарам народных вучылішчаў Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі, Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі. У 1888–1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. У працы «Нарысы быту заходнерускага селяніна» (1869) падрабязна апісаў беларускі радзінны абрад, выхаванне дзяцей, іх працу з маленства. Матэрыялы даслалі настаўнікі, былыя выхаванцы Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Першы з этнографаў і фалькларыстаў грунтоўна апісаў дзіцячыя гульні, паказаў чытачу іх багацце і вялікую разнастайнасць. Фальклорна-этнаграфічны зборнік «Быт заходнерускага селяніна» (1874) прысвечаны сямейным і каляндарна-аграрным абрадам і святам. Матэрыялы сабраны ў Барысаўскім, Беластоцкім, Ашмянскім, Брэсцкім, Вілейскім, Навагрудскім, Слонімскім, Сенненскім, Чэрыкаўскім і інш. паветах. Акрамя матэрыялаў, узятых з публікацый Я.Чачота, Я.Тышкевіча, П.Гільтэбранта, Р.Зянькевіча і інш., Ю.Крачкоўскі выкарыстаў і новы матэрыял, відаць, сабраны самім (усяго каля 200 песень, 90 прыказак і прымавак, шмат вераванняў і павер’яў і інш.).
Творы:

  • Крачковский Ю. Ф. Быт западно-русского крестьянина. М., 1874.
(Фальклорна-этнаграфічны зборнік прысвечаны сямейным і каляндарна-аграрным звычаям, абрадам і святам. Матэрыялы сабраны ў Барысаўскім, Беластоцкім, Ашмянскім, Брэсцкім, Вілейскім, Навагрудскім, Слонімскім, Сенненскім, Чэрыкаўскім і інш. паветах. Акрамя матэрыялаў, узятых з публікацый Я.Чачота, Я.Тышкевіча, П.Гільтэбранта, Р.Зянькевіча і інш., Ю.Крачкоўскі выкарыстаў і новы матэрыял, відаць, сабраны самім (усяго каля 200 песень, 90 прыказак і прымавак, шмат вераванняў і павер’яў і інш.)).

Берман Іван Андрэевіч (1830-е – 1893), этнограф, фалькларыст і краязнавец. Член Рускага геаграфічнага таварыства. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром Валожынскага прыходу Ашмянскага павета, пасля – у Кобрынскім павеце. З 1868 у Вільні. Друкаваўся ў «Литовских епархиальных ведомостях», «Виленском вестнике», «Виленском календаре». Вывучаў беларускія народныя абрады, звычаі, вераванні, забабоны, прыкметы, збіраў матэрыялы пра каляндар і метэаралогію. За артыкул «Народны дзённік жыхароў Ашмянскага павета Віленскай губерні» ўзнагароджаны бронзавым медалём Рускага геаграфічнага таварыства (1867) і запрошаны яго Паўночна-заходнім аддзелам удзельнічаць у напісанні прац па этнаграфіі беларуска-літоўскага краю. Пра народныя спосабы вылічэння часу расказаў у серыі артыкулаў «Парадак народнага вылічэння часу і святочныя звычаі ў Паўночна-заходняй Русі» (1869) і ў нарысе «Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета» (1873), у якіх паказаў, як непісьменны селянін па памяці вызначаў адрэзкі часу паводле пэўных падзей у яго жыцці ці паводле святочных цыклаў, даючы пры гэтым іх падрабязныя апісанні і падкрэсліваючы ў святкаванні рэлігійных свят элементы язычніцтва. Працам І.Бермана ўласцівы вялікі ахоп звестак, добрая арыентацыя ў народным матэрыяле і ўменне яго класіфікаваць, дакладнасць назіранняў, дэталёвасць у апісаннях.
Творы:

  • Берман И. Календарь по народным преданиям в Воложинском приходе Виленской губернии Ошмянского уезда // Записки Императорского Русского географического общества по отделению этнографии. СПб., 1873. Т. 5. С. 3–44.
(Праца спецыяльна прысвечана сялянскаму гаспадарчаму календару і звязаным з ім народным прыкметам. Пры апісанні валачобнага абраду прыведзены ўзоры валачобных песень. У якасці ілюстрацыі прыведзены па 1–2 песні юр'еўскіх, купальскіх, пятроўскіх, калядных).

Максімаў Сяргей Васільевіч (1831–1901), рускі і беларускі этнограф, фалькларыст, пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Па заданні Рускага геаграфічнага таварыства ў 1866 пачаў даследаванне фальклору і этнаграфіі Беларусі з мэтай вызначыць этнічныя межы паміж беларусамі, рускімі, украінцамі і палякамі і на аснове гаворак, фальклору і этнаграфіі вывучыць рэгіянальныя асаблівасці беларусаў і ўкраінцаў на правым беразе Дняпра. У 1868 аб’ехаў Смаленскую, Магілёўскую, Віцебскую і Мінскую губерні. Матэрыялы экспедыцыі надрукаваў у працах «Жабруючая Русь Хрыста радзі» (1877), «Беларусы Смаленшчыны з суседзямі» (1882), «Недарэмна слова гаворыцца» (1889), «Крылатыя словы» (1890). На падставе ўласных палявых даследаванняў упершыню паказаў фальклорна-этнаграфічную ўнікальнасць усходняй мяжы сучаснай Браншчыны, дзе суіснавалі ўсе тры ўсходнеславянскія этнасы. У працах С.Максімава з беларуска-рускага памежжа зафіксавана вялікая колькасць песень («Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі»), прыказак, паданняў, легенд, з дапамогай якіх ён вызначаў этнічныя рысы і межы.
Творы:

  • Максимов С. Великодне // Литовские епархиальные ведомости. 1886. № 16. С. 148–150.
(У нарысе параўнаны народныя традыцыі святкавання Вялікадня ва ўсходніх славян. Упершыню валачобны абрад беларусаў акрэслены як іх «существенное отличие» ад рускіх і ўкраінцаў).

Насовіч Іван Іванавіч (1788–1877), мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). Працаваў настаўнікам, інспектарам Аршанскага, рэктарам Мсціслаўскага і Магілёўскага духоўных вучылішчаў (1813–1822), загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага і Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў (1822–43). З 1843 у адстаўцы. Пасяліўся ў г. Мсціслаў, заняўся навуковай працай. Шмат падарожнічаў па Беларусі, што дало магчымасць сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял. Супрацоўнічаў з аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. У 1850 даслаў у Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай АН рукапісы прац «Кароткія філалагічныя назіранні над беларускай гаворкай», «Невялікі беларускі слоўнік», «Зборнік беларускіх прыказак» (каля 1000 нумароў). У 1852 апублікаваў зборнік «Беларускія прыказкі і прымаўкі» з тлумачэннем да іх. Па прапанове Аддзялення рускай мовы і славеснасці склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачана каля 13 тысяч слоў і паняццяў. У 1864 пераехаў у Пецярбург, працаваў у архіве Публічнай бібліятэкі (да 1870), супрацоўнічаў з Рускім геаграфічным таварыствам (з 1865 член-супрацоўнік Аддзялення этнаграфіі). У 1867 выдаў «Зборнік беларускіх прыказак» (перадрукаваны ў 1869, асобнае выданне 1874). У выданнях 3500 прыказак, прымавак, праклёнаў, кпінаў, жартаў, скорагаворак, паданняў, прывітанняў, мянушак, каламбураў, дражнілак і інш. У 1868 выйшаў зборнік «Беларускія прыказкі і загадкі». Каштоўныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы змешчаны ў «Слоўніку беларускай мовы» (1870), у які ўключана больш за 30 тысяч слоў. У прадмове да зборніка «Беларускія песні» (1873) І.Насовіч разгледзеў некаторыя сямейныя, каляндарныя абрады і звычаі сялян, Каляды, Дабравешчанне, Вербніцу, Вялікдзень, Юр’е, Радаўніцу, Купалле, Дзяды і інш. Каля трэці тэкстаў без пазначэння крыніцы запазычання ўзята з прац Я.Чачота і Я.Тышкевіча. У зборніку 243 вясельныя песні, а таксама калядкі, жніўныя, жартоўныя, бяседныя, любоўныя, рэкруцкія, салдацкія, антыпрыгонніцкія песні, балады, калыханкі і інш.
Творы:

  • Белорусские песни, собранные И. И. Носовичем // Записки Императорского Русского географического общества по отделению этнографии. СПб., 1873. Т. 5. С. 47–280.
(У песенным зборы надрукавана 50 твораў каляндарна-абрадавай паэзіі, вылучаны яе падвіды, звязаныя з пэўнымі падзеямі жыцця і гаспадарчай дзейнасці беларускага селяніна. Сярод іх найбольш жніўных, талочных, дажынкавых (26), калядак (17), купальскіх (10) песень).

Шэйн Павел Васільевіч (1826–1900), беларускі і расійскі этнограф і фалькларыст. Вучыўся ў нямецкай школе пры лютэранскай царкве Святога Міхаіла ў Маскве. У 1850 – пачатку 1860-х г. настаўнічаў, у тым ліку ў Ясна-Палянскай школе Л.Талстога. У 1865–73 выкладаў у Віцебскай гімназіі, у 1873–79 працаваў у Шуі, Зарайску, Калузе, з 1881 у Пецярбургу. Збіральніцкую дзейнасць пачаў у 1850-я г. пад уплывам славянафілаў. Стварыў шырокую сетку карэспандэнтаў, сярод якіх былі А.Багдановіч, Л.Кандратовіч (У.Сыракомля), Я.Карскі, Ю.Крачкоўскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка і інш. У 1867 з пазіцый міфалагічнай школы распрацаваў і выдаў у Віцебску «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці», якую разаслаў па ўсёй Беларусі. Яна складалася з уводзін і трох раздзелаў – «Што запісваць?», «Ад каго запісваць?», «Як запісваць?». Раіў запісваць у першую чаргу сямейныя абрады, далей – каляндарныя святы. У асобны пункт праграмы вылучыў павер’і, забабоны, прыкметы, паданні, замовы. Сюды ж уключыў казкі, загадкі, гульні, а таксама розныя абрады і назвы мясцовасцей і ўрочышчаў. У апошнім (трэцім) пункце пералічыў групы песень, якія трэба запісваць у першую чаргу. Пры апісанні абрадаў Шэйн прапанаваў прыводзіць тэксты песень, якія спяваюцца ў пэўныя моманты выканання абраду. Вандраваў па Беларусі. Складальнік зборніка «Рускія народныя песні» (1870), «Беларускія народныя песні» (1874, змешчана больш за тысячу песень, дзесяць казак, легенд і паданняў, а таксама апісанні абрадаў, у канцы заўвагі да песень і невялікі слоўнік), «Велікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т.п.» (т. 1, вып. 1–2, 1898–1902), асноўныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы змешчаны ў працы «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1–3, 1887–1902). 1-ы том «Бытавое і сямейнае жыццё беларуса ў абрадах і песнях» складаецца з 2 частак. У першай прыведзены апісанні Хрэсьбін, калядных, масленічных, купальскіх і жніўных абрадаў у суправаджэнні песень. У дадатку тома змешчаны нотныя запісы 17 песень. Другая частка 1-га тома прысвечана апісанню вясельных і пахавальных абрадаў з прывядзеннем фальклорных тэкстаў. У 2-м томе змешчаны апавядальныя жанры беларускага фальклору. 3-ці том быў выдадзены пасля смерці Шэйна намаганнямі У.Ламанскага і Я.Карскага. У ім змешчаны матэрыялы па матэрыяльнай культуры (ежы, жыллю, адзенні).
Творы:

  • Шейн П. В. Белорусские народные песни, с относящимися к ним обрядами, обычаями и суевериями: с приложением словаря и грамматических примечаний. СПб., 1874.
  • (З каляндарных абрадаў запісаны: калядныя, велікодныя, юр’еўскія, купальскія, талочныя, жніўныя. Прадстаўлена звыш 300 песень народнага гаспадарчага календара: 25 калядак, не лічачы рацэяў і песень-гульняў, 15 масленак, больш 30 валачобных (частка ў фрагментах), 5 веснавых, 3 траецкія, 30 талочных, 55 купальскіх, 4 пятроўскія, 108 жніўных разам з зажынкавымі і дажынкавымі. Сярод дажынкавых упершыню асобна вылучаны спарышовыя. Асобны падраздзел склалі ярынныя песні).
  • Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Том I. Часть I. СПб., 1887.
  • (Першая частка першага тома «Матэрыялаў...» П.В.Шэйна ў асноўным прысвечана каляндарнай паэзіі, павер’ям, прымхам, якія адлюстроўвалі народны светапогляд. Апісанні Каляд, Вялікадня, Купалля, жніўных і іншых абрадаў і звычаяў, якімі пачынаюцца раздзелы адпаведных песень, – каштоўная крыніца вывучэння паэзіі беларускага народнага календара. У зборы прадстаўлена звыш 66 калядак, 12 вяснянак, 22 валачобныя, 18 юр’еўскіх, 17 талочных, 28 купальскіх, 71 жніўная і дажынкавая. Асобны невялікі раздзел склалі ярынныя. Па некалькі тэкстаў – русальных і пятроўскіх песень. Усяго ў першым томе змешчана больш за 300 песень земляробчага календара. У дадатку ёсць нотныя запісы песень масленічнай, веснавой, валачобнай, траецкай і дажынкавай).

Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч (1845–1910), этнограф і фалькларыст. Правадзейны член Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага ўніверсітэта (з 1890), Рускага геаграфічнага таварыства (з 1897). Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1867). Настаўнічаў у Віцебску і Віцебскай губерні, Свіслацкай і Маладзечанскай семінарыях. З 1860-х г. вывучаў побыт і народную культуру Беларусі: запісваў песні, прыказкі, бытавыя казанні. Супрацоўнічаў з П.Шэйнам. Выдаў каля 20 прац па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Віцебшчыны. У «Нарысы Віцебскай Беларусі» (ч. 1–8, 1892–99) уключыў артыкулы «Дудар і музыка» і «Гульні і ігракі» пра музычную культуру беларускага народа, гульні дзяцей, моладзі дарослых Віцебшчыны (звыш 60). Аўтар «Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанняў прадметаў ужытку (Этнаграфічныя звесткі)» (1895). Яго зборнік «Простанародныя загадкі» (1898) па колькасці матэрыялу перавышае зборнікі І.Насовіча, Е.Раманава, П.Шэйна і інш. У працы «Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897) апублікаваў 2307 народных прыкмет, павер'яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай медыцыны і ветэрынарыі, а таксама легенд і паданняў пра асілкаў, паходжанне азёр, балот, гор і інш., з заўвагамі і спасылкамі да паасобных слоў і тэрмінаў і алфавітным паказальнікам, дзе быў сабраны матэрыял; у працы «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907) адлюстраваны старажытныя вераванні, прымхі і забабоны беларусаў. Зрабіў сістэматычнае навуковае апісанне беларускай дэманалогіі, абапіраючыся на народныя легенды і паданні, вераванні беларусаў.
Творы:

  • Никифоровский Н. Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897.
(У зборніку апублікавана 2307 народных прыкмет, павер'яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай медыцыны і ветэрынарыі, а таксама легенд і паданняў пра асілкаў, паходжанне азёр, балот, гор і інш., з заўвагамі і спасылкамі да паасобных слоў і тэрмінаў і алфавітным паказальнікам, дзе быў сабраны матэрыял).

Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч (1845–1918?), этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 злажыў з сябе духоўны сан, працаваў настаўнікам у Ваўкавыску. Друкаваў фальклорна-этнаграфічныя і інш. матэрыялы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские ведомости», «Виленский вестник», «Минские губернские ведомости» і інш. Надрукаваў працу «Беларускія песні. Валачобныя» (1868, запісаны ў Барысаўскім павеце). Асноўная фальклорна-этнаграфічная праца – «Пінчукі» (1890), матэрыялы для якога сабраны ў 1870-я г. Выданне прысвечана духоўнай культуры насельніцтва цэнтральнай часткі Палесся. Зафіксаваў безліч каляндарных і сямейных абрадаў (калядных, ваджэнне «казы», веснавых, летніх, купальскіх і інш.), легенд і паданняў, забабонаў, павер'яў палешукоў. У зборніку больш за 530 народных твораў. Апісаў мясцовыя абрады, звычаі, прыкметы, варожбы, прымхі, забабоны, былічкі і інш. Асноўнае месца займаюць песні, якія фалькларыст лічыў увасабленнем народнага духу, яго мастацкіх здольнасцей, розуму, умення выказвацца прыгожа. Увесь песенны матэрыял Булгакоўскі размясціў жанрава-тэматычна ў адпаведнасці з прыналежнасцю да пэўных груп. Пачаў гадавое кола з песень калядных і шчадровак. Сабраныя песні падзяляюцца на асноўныя групы: калядныя, веснавыя, троіцкія-сёмушныя (спявалі дзяўчаты, якія ладзілі карагоды, вадзілі танкі, у песнях – матывы кахання і будучага замужжа), летнія (сувязь з працай, скаргі на долю-лёс, няласкавых свёкра, свякроў), лірычныя любоўныя, сямейна-абрадавыя, пазаабрадавыя. Кожнай жанравай групе даецца невялікая характарыстыка. Песні, сабраныя Булгакоўскім, – сапраўдныя ўзоры песеннай творчасці беларускага народа, добра захавалі моўны пласт мясцовага дыялекту. У канцы зборніка падаецца апісанне абрадаў і звычаяў (Каляды, Купалле і інш.), легенды пра бусла і мядзведзя, павер'і пра нячыстую сілу і інш.
Творы:

  • Булгаковский Д. Г. Пинчуки: Этногр. сб.: Песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверья и местный слов. СПб., 1890.
(У зборніку больш за 530 народных твораў. Апісаў мясцовыя абрады, звычаі, прыкметы, варожбы, прымхі, забабоны, былічкі і інш. Асноўнае месца займаюць песні (257 тэкстаў), каля трэці з якіх – каляндарныя. Увесь песенны матэрыял размешчаны жанрава-тэматычна ў адпаведнасці з прыналежнасцю да пэўных груп. Гадавое кола распачынаюць песні калядныя (22) і шчадроўкі (10). Сабраныя песні падзяляюцца на асноўныя групы: калядныя, веснавыя, троіцкія-сёмушныя (спявалі дзяўчаты, якія ладзілі карагоды, вадзілі танкі, у песнях – матывы кахання і будучага замужжа), летнія (сувязь з працай, скаргі на долю-лёс, няласкавых свёкра, свякроў), лірычныя любоўныя, сямейна-абрадавыя, пазаабрадавыя. Кожнай жанравай групе даецца невялікая характарыстыка. У канцы зборніка падаецца апісанне абрадаў і звычаяў (Каляды, Купалле і інш.), легенды пра бусла і мядзведзя, павер'і пра нячыстую сілу і інш.).

Дамбавецкі Аляксандр Станіслававіч (1840 – после 1914), краязнавец, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. У 1872–93 магілёўскі губернатар, з 1893 сенатар. Ініцыятар адкрыцця ў Магілёве гісторыка-этнаграфічнага музея (1879). Арганізатар ілюстраванага выдання (матэрыял збіраўся паводле яго праграмы) і рэдактар калектыўнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, навучальных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (кн. 1–3, 1882–84), у якім зроблена характарыстыка асноўных заняткаў насельніцтва, матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў Магілёўшчыны. У 1-й кнізе змешчаны гістарычны, фізіка-геаграфічны і этнаграфічны нарысы губерні (у 1884 як дадатак да яе Дамбавецкі выдаў «Вясельныя песні беларускія»). Праведзена апісанне сямейнага побыту насельніцтва з календаром свят на кожны месяц і на цэлы год. Раскрыты каляндарныя звычаі і абрады сялян, былой шляхты, мяшчан, старавераў. У выданні надрукаваны запісаныя ўпершыню беларускія народныя песні (больш за 500 адзінак) каляндарнага цыкла (зімовыя, веснавыя, летнія, восеньскія і інш.), вясельныя (316 нумароў), рэлігійныя. Пераважная большасць надрукаваных твораў класіфікавана, матэрыялы добрай якасці. Апублікаваны матэрыял пра народны тэатр: калядныя гульні «Каза», «Кабыла», «Мядзведзь», хаджэнні са звяздой і батлейкай. Апісана прадстаўленне народнага лялечнага тэатра батлейкі «Цар Ірад».
Творы:

  • Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях / сост. [с предисл.] и под ред. А. С. Дембовецкого. Могилёв, 1882. Кн. 1.
(Каляндар народных звычаяў і абрадаў – асобны раздзел у кнізе А.Дамбавецкага, прысвечанай Магілёўшчыне. Даецца кароткае апісанне ўсіх асноўных святкаванняў і звязаных з імі народных вераванняў і прыкмет. У асобным раздзеле «Песні» сабрана звыш 500 твораў народнай паэзіі. Каля чвэрці іх складаюць песні каляндарныя, падзеленыя на а) калядныя і наогул спяваныя зімою, б) веснавыя, у якіх выдзелены валачобныя і веснавыя-палявыя, в) летнія, пераважна жніўныя і іншыя, звязаныя з працай у полі).

Радчанка Зінаіда Фёдараўна (1839–1916), фалькларыстка і этнограф. Правадзейны член Рускага геаграфічнага таварыства (1887). Добра ведала побыт, звычаі, абрады і павер’і, вусна-паэтычную творчасць сялян. Збірала фальклор у Гомельскім павеце, пераважна песні. У «Зборніку маларускіх і беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна» (1881) 30 песень з нотамі. У зборніку «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)» (1888) 676 народных песень, запісаных у Дзятлавіцкай воласці Гомельскага павета, таксама 83 прыказкі і прымаўкі. У прадмове апісала матэрыяльную культуру сялян, іх абрады і звычаі (адзенне, ежа, пабудовы, вяселле, вячоркі, Каляды, Купалле, карагоды, жніво, талака і інш.). Падкрэслівала любоў (асабліва дзяўчат і жанчын) да спявання, мінорны тон песень з мажорным заканчэннем. Першая з даследчыкаў 19 ст. адзначыла двухгалоссе ў харавым выкананні. Засведчыла, што абрадавыя песні спяваюць толькі дзяўчаты, іншыя і мужчыны, моладзь пераймае шмат песень ад салдат, а старыя забывае. Класіфікацыя зроблена па порах года: вяснянкі (сярод іх трапляюцца і пазаабрадавыя, прыпеўкі), потым карагодныя, купальскія (апісаны звычаі віць вянкі, упрыгожваць «русалку», паліць кастры і на іх спальваць чучала, скакаць праз агонь, танцаваць), жніўныя (38 тэкстаў, расказана пра звычай «завіваць бараду», талаку), вясельныя (172 тэксты), калядныя, шчадроўкі (іх у зборніку 33, апісаны абрады і звычаі хаджэння «са звяздой», «казой», «кралькай»), пазаабрадавыя (каля 300, паводле мясцовага вызначэння «простыя») і калыханкі. «Зборнік маларускіх і беларускіх народных песень Магілёўскай губерні Гомельскага павета Дзятлавіцкай воласці» (1911) мае ноты да 180 народных песень, якія размешчаны па раздзелах: веснавыя карагоды (танкі), калядныя, вясельныя, жніўныя, вясеннія (танок), беларускія танічныя.
Творы:

  • Радченко З. Сборник малорусских и белорусских народных песен (Гомельского уезда), записанные для голоса с аккомпанементом фортепиано. СПб., 1880.
  • (У зборніку змешчаны 30 беларускіх песень з нотамі, з якіх 6 – песні каляндарныя: калядкі, вяснянкі, летнія).
  • Радченко З. Гомельские народные песни (белорусские и малорусские). Записаны в Дятловицкой волости Гомельского уезда Могилёвской губернии Зинаидой Радченко, с приложением 83 местных пословиц. СПб., 1888.
  • (У зборнік увайшлі 676 тэкстаў народных песень, запісаных у Дзятлавіцкай воласці Гомельскага павета, таксама 83 прыказкі і прымаўкі. У прадмове апісаны матэрыяльная культура сялян, іх абрады і звычаі (адзенне, ежа, пабудовы, вяселле, вячоркі, Каляды, Купалле, карагоды, жніво, талака і інш.). Класіфікацыя песеннага матэрыялу зроблена па порах года: вяснянкі (сярод іх трапляюцца і пазаабрадавыя, прыпеўкі), потым карагодныя, купальскія (апісаны звычаі віць вянкі, упрыгожваць «русалку», паліць кастры і на іх спальваць чучала, скакаць праз агонь, танцаваць), жніўныя (38 тэкстаў, расказана пра звычай «завіваць бараду», талаку), вясельныя (172 тэксты), калядныя, шчадроўкі (іх у зборніку 33, апісаны абрады і звычаі хаджэння «са звяздой», «казой», «кралькай»), пазаабрадавыя (каля 300, паводле мясцовага вызначэння «простыя») і калыханкі).

Косіч Марыя Мікалаеўна (1850–1911), беларуская фалькларыстка, этнограф, пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. У 1901 у часопісе «Живая старина» апублікавала працу «Літвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні», прысвечаную вуснай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове (напісана А.Русавым) пададзена гісторыя збірання матэрыялаў, характарыстыка Чарнігаўскай губерні, распавядаецца пра жыццё сялян, іх вераванні, паданні, бытаванне народных твораў у мінулым і на той час, асаблівасці гаворкі і спеваў. Абрады і звычаі разглядаюцца па месцах і порах года, ілюструюцца шматлікімі прыкладамі, фактычным матэрыялам. У працы змешчана грунтоўнае апісанне вяселля з вялікай колькасцю песень. Апісанні каляндарных свят і абрадаў уключаюць і адпаведныя песні.
Творы:

  • Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни. СПб., 1903.
(Праца прысвечана вуснай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў Чарнігаўшчыны. Абрады і звычаі разглядаюцца па месцах і порах года, ілюструюцца шматлікімі прыкладамі, фактычным матэрыялам. У працы змешчана грунтоўнае апісанне вяселля з вялікай колькасцю песень. Апісанні каляндарных свят і абрадаў уключаюць і адпаведныя песні. Усяго апублікавана 75 тэкстаў каляндарных песень).

Дабравольскі Уладзімір Мікалаевіч(1856–1920), беларускі і рускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1880). У 1880–83 выкладаў у Смаленскай жаночай гімназіі. З 1887 член-супрацоўнік, пасля сапраўдны член Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. З 1918 чытаў лекцыі па этнаграфіі і гісторыі тэатра ў Беларускім народным універсітэце (Масква), у Віцебскім інстытуце народнай асветы, Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Быў знаёмы з П. Шэйнам. Акрамя Смаленскай даследаваў Віцебскую, Гродзенскую, Магілёўскую і Мінскую губерні. З 1880-х г. збіраў народныя песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, інш. жанры вуснай народнай творчасці. Вывучаў народны тэатр, звычаі і абрады, святы і вераванні, народныя прыкметы, збіраў розныя прадметы матэрыяльнай культуры, якія дасылаў у Рускае геаграфічнае таварыства. У сваёй асноўнай працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1–4, 1891–1903) змясціў апавяданні сялян пра сваё жыццё, казкі, паданні, легенды, былі, матэрыялы па народнай медыцыне. Апублікаваў радзінныя, вясельныя песні (673 адзінкі), каля дзясятка апісанняў розных абрадаў, гульняў, матэрыялы звычаёвага права (сямейныя звычаі) і г.д.; тэматычна раскласіфікаваныя прыказкі і прымаўкі, больш за 1500 песень, пераважна каляндарна-абрадавых і лірычных пазаабрадавых (калядак, пятроўскіх, жніўных, карагодных, гульнявых, бяседных, любоўных і інш.), прыпевак, духоўных вершаў і інш. Даследаваў народныя гукаперайманні, варажбу, музычныя інструменты.
Творы:

  • Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник: Ч. 1–4. СПб.; М., 1891–1903. Ч. 4. 1903.
(У чацвёртай частцы «Смаленскага этнаграфічнага зборніка», прысвечанага песеннай творчасці жыхароў беларуска-рускага памежжа, каляндарна-абрадавыя песні складаюць трэць тома. Сярод іх значнае месца займаюць калядныя – 113 тэкстаў без варыянтаў. Вельмі шырока прадстаўлены траецкія, русальныя песні, іх каля 70).

Янчук Мікалай Андрэевіч (1859–1921), беларускі, украінскі, польскі і расійскі вучоны-славіст, этнограф, фалькларыст, літаратуразнавец, музыказнавец, драматург, паэт. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1885). З 1897 хавальнік Дашкаўскага этнаграфічнага музея ў Маскве. У 1889 – 1903 сакратар аддзела этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. У 1918 чытаў курс беларускай этнаграфіі ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні БДУ, з 1921 прафесар кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі ў ім. У працы «Па Мінскай губерні. Нататкі з паездкі ў 1886 годзе» (1889) правёў антрапалагічнае і этнаграфічнае вывучэнне беларусаў, апісаў народныя звычаі і абрады, падаў уяўленні беларускіх сялян пра адукацыю, рэлігію, медыцыну; у дадатку змясціў 158 народных песень (39 з нотамі), сістэматызаваных па функцыянальна-этнаграфічным прынцыпе: вясельныя (48), радзінныя і хрысцінныя, пасядзелкавыя, калядкі і шчадроўкі, масленічныя, велікодныя, веснавыя, купальскія, жніўныя і пакосныя, летнія, гістарычныя; да тэкстаў ёсць каментарыі, параўнанні з песнямі са збораў П. Бяссонава, Е. Раманава, Я. Чачота, П. Шэйна. На польскай мове ў часопісе «Wisła» («Вісла») апублікаваў працу «Батлейка ў вёсцы Карніца» (1888), у якой на параўнаўчым матэрыяле польскім і ўсходнеславянскім апісаў лялечны тэатр, яго карані, гісторыю і стан на той час. Вялікае значэнне для збору і вывучэння беларускага музычнага фальклору мелі яго артыкулы «Аб збіранні народных песень і арганізацыі песенных камісій» (1913), «Народная песня і яе вывучэнне» (1914) і інш.
Творы:

  • Янчук Н. По Минской губернии (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889.
(Апісаны народныя звычаі і абрады, пададзены ўяўленні беларускіх сялян пра адукацыю, рэлігію, медыцыну; у дадатку змешчаны 158 народных песень (39 з нотамі), сістэматызаваных па функцыянальна-этнаграфічным прынцыпе: вясельныя (48), радзінныя і хрысцінныя, пасядзелкавыя, калядкі і шчадроўкі, масленічныя, велікодныя, веснавыя, купальскія, жніўныя і пакосныя, летнія, гістарычныя; да тэкстаў ёсць каментарыі, параўнанні з песнямі са збораў П. Бяссонава, Е. Раманава, Я. Чачота, П. Шэйна.).

Федароўскі Міхал (1853–1923), польскі і беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, краязнавец. Член Львоўскага этнаграфічнага таварыства (1896), Антрапалагічнай камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве (1899), Кракаўскага нумізматычна-археалагічнага таварыства, Таварыства сяброў навук у Вільні і інш. Скончыў Варшаўскую прагімназію (1870). У 1873–74 вольны слухач Пятроўска-Разумоўскай акадэміі пад Масквой. У 1875–77 з З. Глогерам даследаваў польскі фальклор і этнаграфію. У 1877–1904 у Заходняй Беларусі. Ад Беласточчыны да Слуцка паглыблена даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру народа, збіраў этнаграфічныя матэрыялы, экспанаты, кнігі, гістарычныя дакументы, творы жывапісу і інш. Фальклор запісваў пераважна сам ад сялян, мяшчан, шляхты, выкарыстоўваючы таксама памочнікаў. У розных паветах меў апорныя пункты і людзей, якія яму спрыялі і дапамагалі. Сабраў больш 5000 беларускіх народных песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, не цураўся твораў фрывольных, шмат запісаў пазаабрадавых, асабліва рэкруцкіх і салдацкіх песень. Сабраў шмат матэрыялаў, якіх да яго ніхто не запісаў. Фальклорныя матэрыялы ўвайшлі ў працу Федароўскага «Люд беларускі» (т. 1–8, 1897–1981), паставіўшы яго аўтара на адно з першых месцаў сярод збіральнікаў беларускай вусна-паэтычнай творчасці свайго часу. Першыя тамы адразу пасля выхаду з друку былі высока ацэнены вучонымі за багацце і разнастайнасць апублікаванага.
Творы:

  • Federowski M. Lud białoruski. T. 6. Pieśni. Warszawa, 1960.
(У 6 томе фундаментальнага збору беларускага фальклору «Люд беларускі на Русі Літоўскай» змешчаны 4171 песенны тэкст з 1500 запісамі мелодый).

Раманаў Еўдакім Раманавіч (1855–1922), этнограф, фалькларыст, краязнавец, археолаг, педагог. Правадзейны член Рускага геаграфічнага таварыства (1886), Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археалагічнага таварыства (1890, член-карэспандэнт з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рускай мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам (з 1881 у Гомелі, Лідзе, Сянно), у 1886–1906 інспектарам народных вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерняў. Праца давала магчымасць шырока вывучаць побыт народа, збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы ў розных рэгіёнах Беларусі. У 1906–16 член Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі і музея. У 1897–1903 рэдактар неафіцыйнага аддзела газеты «Могилевские губернские ведомости». З 1910 загадчык секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Увайшоў у гісторыю фалькларыстыкі як наватар методыкі збірання вусна-паэтычнай творчасці. Запісы рабіў пераважна сам, спарадычна выкарыстоўваючы карэспандэнтаў. Сабраў 3742 песні, 2256 прыказак і прымавак, 1305 загадак, 944 замовы, 825 казак, легенд і паданняў, 778 прыпевак, 258 духоўных вершаў і песень і інш. Свае матэрыялы меркаваў выдаць у 15 кнігах. Пры яго жыцці апублікаваны 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886–1912), 10-ы том выпусціў Інстытут беларускай культуры (1928). У надрукаваных выпусках, для якіх Раманаў строга адбіраў фальклорныя творы, падрабязна апісаны побыт сялян, народныя заняткі, рамёствы, промыслы, звычаі, каляндарныя і сямейныя абрады (калядныя, масленічныя, велікодныя, траецкія, купальскія, радзінныя, вясельныя, пахавальныя і інш.), больш за 750 вераванняў, прыкмет, прымхаў, каля 200 сродкаў народнай медыцыны, 540 народных тлумачэнняў сноў, каля 80 дзіцячых гульняў і інш. Крытыкаваў сваіх папярэднікаў П. Бяссонава, П. Гільтэбранта, А. Дамбавецкага, М. Дзмітрыева, І. Насовіча, П. Шэйна за недакладнасці і памылкі ў мове, уключэнне неаўтэнтычных твораў фальклору, няправільныя тлумачэнні семантыкі паасобных слоў і інш. Выдаў «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1–2, 1911–12), у якія ўвайшло 1024 песні розных жанравых разнавіднасцей, 205 загадак, 176 прыпевак, 76 прыказак і прымавак, 36 казак і паданняў, 10 духоўных вершаў. Сваімі фальклорна-этнаграфічнымі працамі адстойваў самастойнасць беларускага народа, яго мовы і культуры. У гісторыі беларускай фалькларыстыкі 2-й паловы 19 ст. сабраны ім фальклорна-этнаграфічны матэрыял па колькасці і якасці перавышаў ўсё, што да яго выдавалася, вылучаўся навізной, высокімі мастацкімі якасцямі.
Творы:

  • Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 1–2: Песни, пословицы, загадки. Киев, 1885.
  • («Беларускі зборнік» Е.Раманава з'яўляецца найважнейшым зборам беларускага фальклору. 1–2 выпускі змяшчаюць песні, прымаўкі і загадкі беларусаў Магілёўскай губерні. У іх надрукаваны 21 вяснянка, 24 талочныя, 11 купальскіх, 43 жніўныя, 11 валачобных, 8 шчадровак. У дадатку да тома ёсць яшчэ 6 каляндарных: 3 веснавыя і па адной каляднай, восеньскай і піліпаўская, а ўсяго разам 123 песні ўсіх чатырох цыклаў працоўнага года. Асноўныя запісы зроблены ў паветах Сенненскім, Гомельскім і Рэчыцкім. Прычым шчадроўкі запісаны ў Гомельскім і часткова ў Рэчыцкім, валачобныя – толькі ў Сенненскім. Вяснянкі паходзяць з поўдня, як правіла, з Гомельскага павета. Запісаны песні ў большасці самім укладальнікам).
  • Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 7: Белорусские народные мелодии. Песни сезонные, обрядовые, игровые, танцы, духовные стихи. Вильно, 1910.
  • (У 7 выпуску «Беларускага зборніка» пададзены мелодыі беларускіх песень і сярод іх 17 каляндарных, у тым ліку 4 веснавыя, 3 купальскія, 3 жніўныя).
  • Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 8: Быт белоруса. Вильно, 1912.
  • (8 выпуск «Беларускага зборніка» Е.Раманава змяшчае найбагацейшыя звесткі пра народны побыт, каляндар, павер'і, абрады беларусаў. Ён дае цэласную, паслядоўна разгортваемую карціну працоўнага года селяніна, прадстаўляючы кожны цыкл багатай калекцыяй песень з усіх беларускіх губерняў. Акрамя дэталёвага апісання па рэгіёнах свят, звычаяў і абрадаў народнага календара Е.Раманаў падаў у гэтым выпуску каля 600 песень гадавога кола. Першае месца па колькасці ў томе займаюць жніўныя песні (150), на другім месцы – купальскія (74), на трэцім – вяснянкі (54). Паўней, чым ва ўсіх папярэдніх выданнях, тут сабраны пятроўскія песні (26). Тое самае можна сказаць пра тэксты «Цярэшкі» (21). Увесь зімовы цыкл (калядкі, шчадроўкі, масленічныя, «каза») складаюць 67 песень. Валачобных – 29, юр'еўскіх – 21. Пададзены ўзорныя інварыянты песень).
  • Материалы по этнографии Гродненской губернии / под ред. Е. Р. Романова. Вып. 1. Вильно, 1911.
  • (Першы выпуск «Матэрыялаў…» прысвечаны пераважна абрадавай паэзіі, каляндарная займае ў ім значнае месца. У раздзеле «Вераванні» Раманаў сабраў апісанні даўніх свят і абрадаў з розных мясцовасцей Гродзеншчыны. Жанравы склад песень адлюстроўвае спецыфіку каляндарнай паэзіі гэтага рэгіёна. Зімовы цыкл прадстаўлены 13 тэкстамі. З іх 12 калядак, адна шчадроўка, масленічных няма зусім. У зборы 40 вяснянак, 6 юр’еўскіх, 7 велікодных. Нядрэнна прадстаўлены купальскія (13). Пятроўскіх і сенакосных разам 8. А найбольш, 58 тэкстаў, песень жніўных з усімі іх падвідамі – зажынкавымі і дажынкавымі).

Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч (1867–1934), гісторык, эканаміст, этнограф, фалькларыст. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1894). У 1895–97 памочнік архіварыуса Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі. З 1896 заснавальнік і сакратар археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім архіўным таварыстве. З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1901 прафесар, загадчык Кіеўскага ўніверсітэта. У 1907–17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага інстытута. З 1918 удзельнік працы кіеўскіх беларускіх арганізацый: старшыня Беларускай гандлёвай палаты, член камісіі па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта, лектар курсаў беларусазнаўства. З 1925 прафесар БДУ, правадзейны член Інбелкульта, старшыня яго гісторыка-археаграфічнай камісіі. Шэраг артыкулаў прысвяціў беларускаму вяселлю як этнакультурнай з’яве ў цэлым і паасобным яе абрадавым і песенным складнікам. Буйнейшая публікацыя – «Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках» (1893) – грунтоўнае гісторыка-этналагічнае даследаванне беларускіх вясельных абрадаў і звычаяў у кантэксце аналагічных традыцый індаеўрапейскіх народаў, з высвятленнем яго генезісу і развіцця. Упершыню паспрабаваў выявіць семантыку і сімволіку беларускага вясельнага абраду. У «Календары Паўночна-Заходняга краю на 1889 год» надрукаваў першыя свае запісы каляндарных абрадаў («Вялікдзень на Беларусі»), у «Этнографическом обозрении» (1893) – фальклорна-этнаграфічныя запісы, якія ўключалі каляндарна-абрадавыя эцюды «Святы Юрый», «Выган жывёлы», «Купала», «Зажынкі і дажынкі», «Дзяды», «Гульні», «Яшчар», «Падушачка», «Калодачка», «Вячоркі, ігрышчы», «Погляд на цнатлівасць», «Прыпеўкі». Зборнік «Беларускае Палессе. Песні пінчукоў» (вып. І, 1896) уключае прадмову Доўнар-Запольскага, уводзіны пра асаблівасці палескай гаворкі, каментарый да песень, індэкс сюжэтаў, 561 тэкст абрадавых і лірычных песень, дадатак «Вяселле ў Пінскім павеце» з кароткім апісаннем абрадаў і 27 вясельных песень. Шырокім аналітычным падыходам да духоўнага жыцця беларуса, выяўленнем яго светапогляду, ментальнасці характарызуецца манаграфічны нарыс «Беларусы» ў фундаментальным выданні «Расія» (1905).
Творы:

  • Довнар-Запольский М.В. Белорусское Полесье: Сборник этнографических материалов. Вып. 1: Песни пинчуков. Киев, 1895.
  • (Зборнік песень, сабраных у Пінскім Палессі, змяшчае ў тым ліку каляндарныя. Найбольш восеньскіх – 22 тэксты. Другое месца па колькасці займаюць калядкі і шчадроўкі – 17. Купальскіх і траецкіх разам – 9, лірычных веснавых – 15, летніх – 15, дажынкавых – 7, проста зімовых – 11 і 13 піліпаўскіх. У змешчаным да кнігі дадатку маецца 21 каляндарная песня з ваколіц Мазыра і з Лашы, што на Гродзеншчыне. Усяго ў выданні Доўнар-Запольскага налічваецца 133 песні каляндарнага года, што складае звыш пятай часткі ад агульнага ліку іх. Запісы песень зроблены вельмі кваліфікавана, з перадачай фанетычных асаблівасцей гаворкі).

Багдановіч Адам Ягоравіч (1862–1940), этнограф, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М. Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Яго «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895) – гэта першае спецыяльнае даследаванне ў беларускай этнаграфіі і фалькларыстыцы міфалагічнага светапогляду беларускага сялянства. Аўтар шэрагу этнаграфічных артыкулаў, у тым ліку прысвечаных каляндарнай абраднасці беларусаў – «Дзяды» (1893), «Погляды беларусаў на святкаванне Вялікадня», «Багач» і інш.
Творы:

  • Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Гродно, 1895.
(Праз прызму міфалогіі аўтар ацэньвае з’явы і формы сямейнага і грамадскага жыцця беларусаў, яго фальклор. Даследаванню каляндарнай паэзіі прысвечаны адзін з найбольшых яе раздзелаў «Перажыткі сонечнага культу». Пры апісанні святкаванняў абрадаў і звычаяў этнограф карыстаўся багатымі ўласнымі назіраннямі. У кнізе А.Багдановіча змешчана ледзь не адзінае ў этнаграфічнай літаратуры апісанне некалі пашыранага свята Багач і меркаванні пра яго паходжанне).

Карскі Яўхім Фёдаравіч (1861–1931), філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916, член-карэспандэнт з 1901), правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885–93). З 1893 у Варшаўскім (з 1894 прафесар, у 1905–10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ўніверсітэтах. З 1917 прафесар Петраградскага ўніверсітэта. З 1917 у Мінску, з 1918 прафесар Мінскага педагагічнага інстытута. Супрацоўнічаў з беларускімі этнографамі і фалькларыстамі М. Нікіфароўскім, Е. Раманавым, П. Шэйнам. Падтрымліваў сувязі з Э. Ажэшкай, А. Багдановічам, У. Дабравольскім, М. Доўнар-Запольскім, Я. Карловічам, М. Федароўскім, М. Янчуком і інш. Аўтар больш за 700 навуковых прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы.
Карскі прааналізаваў важнейшыя праблемы паходжання беларускага народа, яго этнічнай тэрыторыі, этнаграфічных межаў Беларусі. Сцвярджаў, што вусна-паэтычная творчасць беларусаў зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. У 1903 аб’ехаў межы распаўсюджання беларускіх гаворак і ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (1903) змясціў «Этнаграфічную карту беларускага племені» (у 1917 надрукавана з папраўкамі). Першай публікацыяй фальклорных матэрыялаў Карскага былі «Беларускія песні сяла Беразавец Навагрудскага павета Мінскай губерні» (1884–85): песні (29) калядныя, шчадроўкі, валачобныя, юр’еўскія, купальскія, летнія, пазаабрадавыя, танцавальныя, салдацкія, вясельныя, балады і інш. Працягам працы сталі «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затроцкія Віленскай губерні Троцкага павета» (1889) – 24 творы розных жанраў.
Найважнейшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца 19 – пачатку 20 ст., энцыклапедыяй беларусазнаўства стала 3-томная праца Карскага «Беларусы» (вып. 1–7, 1903–1922). У ёй на аснове параўнальна-гістарычнага абагульнення вялікага фактычнага матэрыялу навукова абгрунтавана нацыянальная самастойнасць беларускага народа са сваёй багатай і арыгінальнай культурай, мовай, традыцыямі, вусна-паэтычнай творчасцю. Зрабіў выснову, што многія творы беларускай вуснай паэзіі ідуць з агульнай праславянскай эпохі. У творах фальклору адрозніваў старое і новае, першапачатковае і пазнейшыя напластаванні. Падкрэсліваў, што абрады ўзніклі ў выніку пакланення чалавека сілам прыроды. На абрадавыя песні глядзеў як на старажытны жанр вусна-паэтычнай творчасці, таму бачыў у іх «адлюстраванне старажытнага светапогляду чалавека». З гэтай прычыны ўслед за міфолагамі шмат увагі надаваў абрадавай паэзіі, яе паходжанню, эвалюцыі, класіфікацыі, аналізу каляндарных і сямейных абрадавых цыклаў. Прыняцце хрысціянства, паводле Карскага, садзейнічала распаду старых магічных абрадаў і песень, ператварэнню абрадаў у звычаі, а абрадавых песень – у творы без язычніцкага значэння. Упершыню сістэматычна даследаваў асноўныя жанры і віды беларускай народнай паэзіі, даў навуковае азначэнне жанраў, спрабаваў вызначыць іх генезіс, ахарактарызаваць унікальнасць тэматыкі, разгледзець змест і мастацкія асаблівасці. Палемізаваў з прадстаўнікамі міфалагічнай і антрапалагічнай школ, з прыхільнікамі тэорыі запазычання сюжэтаў, паказваў іх аднабаковасць.
Творы:

  • Карский Е. Белорусские песни с. Березовца Новогрудского уезда Минской губернии // Русский филологический сборник. Варшава, 1884. Т. 12; там же. 1885. Т. 13.
  • (Першая публікацыя фальклорных матэрыялаў Я.Карскага, у якую ўвайшлі 29 песень з сяла Беразавец Навагрудскага павета. Сярод іх – калядныя, шчадроўкі, валачобныя, юр’еўскія, купальскія, летнія, пазаабрадавыя, танцавальныя, салдацкія, вясельныя, балады і інш.).
  • Карский Е. Белорусские песни деревни Новосёлок-Затроцких Виленской губернии Трокского уезда // Русский филологический сборник. Варшава, 1889. Т. 21.
  • (У публікацыі змешчаны 24 песні, запісаныя ў в. Навасёлкі-Затроцкія Троцкага павета. Сярод іх – велікодныя, жніўныя, масленічныя і інш.).

Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч (1864–1940).Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884), Пецярбургскі археалагічны інстытут (1904) і Вышэйшыя юрыдычныя курсы. Дзевяць год прапрацаваў настаўнікам на Мазыршчыне і Случчыне. З 1906 па 1930 г. – супрацоўнік этнагарфічнага аддзела Рускага музея (сёння – РЭМ) у Санкт-Пецярбурзе. Правадзейны член Інбелкульта (1925–27). Правёў шматлікія экспедыцыі для вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору, пераважна на беларускае Палессе. Аўтар зборнікаў “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” (1911), “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” (1926) і “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (1930). Цікавасць даследчыка да беларускага абрадавага фальклору праявілася ў зборы беларускіх народных песен. Так, захаваўся рукапіс зборніка “Беларускія песні”, у якім змешчаны 53 тэксты, запісаныя ў канцы 1890-х г.г. у Мазырскім павеце. Таксама ў 1920-я гг. быў падрыхтаваны рукапіс “Песні Магілёўшчыны”, які на сённяшні час лічыцца страчаным. Рукапісная спадчына А.К. Сержпутоўскага зберагаецца ў архівах, музеях і бібліятэках Санкт-Пецярбурга і Мінска і паступова публікуецца беларускімі навукоўцамі.

Сербаў Ісак Абрамавіч (1871–1941). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археалагічны інстытут (1901). Працаваў настаўнікам, у 1910–12 гг. – член Паўночна-Заходняга аддзела РГТ, з 1922 г. – правадзейны член Інбелкульта, з 1923 г. – выкладчык і загадчык кафедры ў БДУ. Удзельнік многіх палявых экспедыцый, фатограф, вынікі дарэвалюцыйных даследаванняў апублікаваны ў кнізе “Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг” (1914 г.). У 1915 годзе апублікаваў этнагарфічны нарыс “Беларусы-сакуны”, трэццяя частка якога прысвечана беларускай вусна-паэтычнай творчасці. У ёй апісанні, на прыклад, сялянскай хаты спалучаны з песеннымі прыкладамі дзе спяваецца пра покуць у каляднай песні; у апісаннях гаспадарчых прылад і інструментаў прыводзяцца прыказкі. Усяго змешчана 37 песен з нотамі, сярод якіх калядныя, веснавыя, велікодныя, валачобныя, траецкія, жніўныя, пазаабрадавыя, псалмы. У 1928 годзе апублікаваў нарыс “Вічынскія паляне”, пераважна прысвечаны матэрыяльнай культуры аднаго палескага рэгіёна. З фальклорных твораў у ім размешчаны дзве замовы, некалькі апавяданняў, прыклады прывітанняў і пажаданняў. Многія песні, запісаныя даследчыкам, друкаваліся ў перыядычным друку ў міжваенныя гады, многія загінулі ў ваенны час.

Гарэцкі Максім Іванавіч (1893–1938). Больш вядомы як класік беларускай літаратуры, таксама актыўна займаўся вывучэннем беларускай вусна-паэтычнай творчасці. Скончыў Горы-Горацкую каморніцка-агранамічную вучэльню. Збіраў і даследаваў беларускі фальклор, якому адводзіў адну з найважнейшых роляў у культуры. Разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым падрыхтаваў зборнік “Народныя песні з мелодыямі” (1928), дзе сабраны запісаныя ад маці 318 беларускіх народных песен. У 3-м выданні “Гісторыі беларускай літаратуры” (1924) увёў раздзел “Вусная народная паэзія”, дзе разгледжаны ім фальклор падаецца ў якасці падмурка нацыянальнай літаратуры. У артыкуле “Наш тэатр” (1913) закранаў праблему папулярызацыі беларускай народнай песні. Разам з І. Замоціным склаў “Інструкцыю па збіранні вуснай народнай творчасці” (1925). На першым Усебеларускім краязнаўчым з’ездзе (7 – 11.2.1926) выступіў з дакладам “Збіранне і апрацоўка фальклору”, дзе закрануў адпаведную праблематыку і заклікаў да збірання і апрацоўвання вуснай народнай творчасці.

Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч (1897–1942), Беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф. Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута (1922). У 1918–23 гг. удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Веліжы, Віцебску, Оршы, полацку. З 1923 г. у Інстытуце беларускай культуры, у 1929–30 гг. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі. Склаў разгорнутую інсструкцыю па збіранні фальклору “Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі” (1919). Кола навуковых інтарэсаў – матэрыяльная культура беларусаў, старажытныя вераванні. Аўтар бібліяграфічнага даведніка «Матэрыялы да беларускае бібліяграфіі» (Т. 4. Этнаграфія. 1927), дзе сістэматызаваны матэрыялы пра духоўную і матэрыяльную культуру беларусаў у рускай і польскай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, перыядычных выданнях, захоўвалася ў архівах. Аўтар фундаментальнай працы «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1–2, 1927–1928), прысвечанай каляндарнай і сямейна-абрадавай творчасці Віцебшчыны як этнаграфічнага рэгіёна. Друкаваўся ў часопісах “Наш край”, “Полымя”, “Маладняк”, у газеце «Савецкая Беларусь». Пісаў пра культурнае жыццё Віцебшчыны, Мінска, падзеі грамадзянскай вайны на Беларусі, гісторыю беларускай літаратуры і перыядычнага друку: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Да гісторыі канфіскацыі „Нашай нівы“» (1925), «„Мужыцкая праўда“ К. Каліноўскага» (1926). Аўтар артыкулаў пра Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, У. Дабравольскага і З. Бядулю.

Грыневіч Антон Антонавіч (1877–1937). Беларускі фалькларыст, кампазітар, выдавец, педагог. Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча. З 1896 г. у Санкт-Пецярбургу. Член выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Заснавальнік “Выдавецтва Антона Грыневіча” (1910). Выдаў два тамы зборніка «Беларускія песьні з нотамі» (1910–1912, другі – разам з А. Зязюлем), куды ўвайшлі каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя песні, пазаабрадавая лірыка. У прыватным выдавецтве надрукаваў 11 зборнікаў, сярод якіх Я. Купалы, Я. Коласа, У. Галубка і інш. У 1920 г. У Вільні выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік», 1923 г. – першы беларускі падручнік «Навука спеву», у 1925 г. – «Беларускі дзіцячы спеўнік». З 1925 г. у Інстытуце беларускай культуры, сакратар Песеннай камісіі, у 1929–1930 гг. у Акадэміі навук БССР. Склаў грунтоўную «Праграму-інструкцыю для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (1925), якая была апублікавана ў часопісе “Наш край”. Аўтар шэрага артыкулаў пра беларускую народную песню ў перыядычным друку, удзельнік І і ІІ Усебеларускіх краязнаўчых з’ездаў. Удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях на Палессе, у паўночныя раёны Беларусі. Папулярызатар беларускага песеннага фальклору. Падрыхтаваў да друку некалькі фальклорных зборнікаў, у тым ліку для дзяцей, лёс якіх невядомы. Фальклорная спадчына збіральніка налічвае больш за 1000 народных песень і прыпевак.

Грынблат Майсей Якаўлевіч (1905–1983). Беларускі этнограф, фалькларыст, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1945). Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт (1930). З 1957 па 1976 год працаваў у ІМЭФ. Вывучаў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кнізе «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Збіральнік беларускага фальклору, яго запісы ўвайшлі ў выданні з серыі “Беларуская народная творчасць”. Склаў зборнік фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940). Складальнік тамоў з серыі БНТ: «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А. І. Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1-2, 1976), «Выслоўі» (1979, з С. Т. Асташэвіч), рэдактар тамоў «Зімовыя песні: калядкі і шчадроўкі» (1975), «Вяселле: песні» (кн. 1-3, 1980-1983, з А. С. Фядосікам).

Барташэвіч Галіна Аляксандраўна (1932–2021). У 1956 годзе скончыла Белдзяржуніверсітэт. З 1957 па 1993 год працавала ў ІМЭФ. Доктар філалагічных навук (1994). Аўтар прац па агульных праблемах фалькларыстыкі, фальклорных жанраў, сучаснага стану фальклору, узаемасувязях вусна-паэтычнай творчасці славян, народнай педагогіцы. Сабрала больш за 10 тыс. фальклорных твораў, многія ўвайшлі ў тамы серыі БНТ. Унесла істотны ўклад у разуменне семантыкі веснавога абраду Пахавання “стралы”, што актывізавала даследчыцкую і збіральніцкую працу ў гэтым накірунку. Прапанавала новыя інтэрпрэтацыі каляднай гульніі “Жаніцьба Цярэшкі”. Яе манаграфія “Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору” (1976) і складзены ёю том БНТ “Дзіцячы фальклор” (1972) – першыя ў беларускай фалькларыстыцы даследаванні па дзіцячым фальклоры. Адна са складальнікаў кніг “Чарадзейныя казкі” (ч. 1 – 2, 1973 – 1978), “Веснавыя песні” (1979), “Валачобныя песні” (1980), “Беларускія народныя казкі” (1981), “Казкі ў сучасных запісах” (1989) і інш. Суаўтар слоўніка “Усходнеславянскі фальклор” (1993). У рэчышчы параўнальнага вывучэння міжславянскіх сувязей беларускага фальклору вырашана яе манаграфія “Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя” (1985), раздзела “Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян” у калектыўнай працы “Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян” (1993). Складальнік шэрагу навукова-папулярных фальклорных зборнікаў.

Кабашнікаў Канстанцін Паўлавіч(1927–2012). У 1951 годзе скончыў Гомельскі педагагічны інстытут. З 1954 па 2012 г. працаваў у ІМЭФ. Доктар філалгічных навук (1971). Аўтар звыш 200 навуковых прац. Зрабіў вялікую колькасць запісаў твораў розных жанраў беларускай вусна-паэтычнай творчасці. Даследваў казкі, рэвалюцыйную і рабочую паэзію, праблемы параўнальнага вывучэння беларускага фальклору ў славянскіх узаемасувязях. Пад яго кіраўніцтвам у 1976 годзе створаны аддзел параўнальнага вывучэння народнай творчасці славян пры ІМЭФ. Па гэтай праблеме выдаў манаграфіі: "Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс" (1981), "Беларуска-рускія фальклорныя сувязі" (1988), "Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце" (1998). Аўтар і суаўтар шэрагу кніг прысвечаных вывучэнню беларускай казкі ў кантэксце славянскага фальклору. Адзін з першых у беларускай фалькларыстыцы звярнуўся да вывучэння гарадскога фальклору, фальклору рабочай і рэвалюцыйнай паэзіі і выдаў манаграфію "Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі" (1969). Шэраг кніг прысвечаны беларускай йвусна-паэтычнай творчасці Вялікай Айчыннай вайны. Яго запісы беларускага фальклору ўвайшлі ў многія тамы серыі БНТ, у т.л. прысвечаны я каляндарнаму фальклору: "Веснавыя песні" (1979), "Валачобныя песні" (1980), "Купальскія і пятроўскія песні" (1985), "Паэзія беларускага земляробчага календара" (1992). Значны ўклад зрабіў у навуковае забеспячэнне і арганізацыю палявых экспедыцыйных даследаванняў, у стварэнне навуковага фальклорнага архіва. Склаў "Інструкцыю па збіранню беларускай народнай вусна-паэтычнай творчасці" (1959), выдаў "Методыку збірання беларускай народнай вусна-паэтычнай творчасці" (1978). Аўтар аднаго з першых навучальных даапможнікаў "Нарысы па беларускаму фальклору" (1963), суаўтар праграмы, падручніка і хрэстаматыі па беларускім фальклоры для ВНУ, якая вытрымала чатыры выданні.

Салавей Лія Мацвееўна (нар. у 1934 г.). Скончыла Мінскі педагагічны інстытут (1960). Кандыдат філалагічных навук (1974). У 1970-1994 працавала ў ІМЭФ. Даследавала актуальныя прабелмы беларускай народнай спадчыны, фальклорныя жанры, вытокі іх вобразнасці, сувязі з рытуальным кантэкстам. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы грунтоўна даследавала жанр народнай балады, выявіла баладны рэпертуар, распрацавала ўласную класіфікацыю (манаграфія "Беларуская народная балада" (1978)). Збіральнік фальклорных твораў, частка якіх (больш за 500) апублікавана ў тамах серыі БНТ; складальніца (з Г. Барташэвіч) тамоў "Веснавыя песні" (1979) і "Валачобныя песні" (1980). Падрыхтавала том "Жаніцьба Цярэшкі" (1993, у суаўт. з І. Назінай), у якім упершыню найбольш поўна пададзены песенны рэпертуар аднайменнага белаурскага абрадавага ігрышча, асэнсавана яго жанравая адметнасць як феномена традыцыйнай культуры, дадзены падбор этнаграфічных апісанняў. У раздзеле "Вытокі песеннай вобразнасці фальклору усходніх славян" (1993) разглядае шматаспектны вобраз Дунаю ў комплексе іншых архаічных вобразаў у плане гістарычных рэалій і міфалагічнай перапрацоўкі. Адзін з аўтараў энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія".

Ліс Арсень Сяргеевіч (1934–2018). Скончыў БДУ ў 1956 г. Доктар гістарычных навук (1997). У 1957–1959 гг. працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З 1962 па 2018 г. даследуе фальклор, літаратуру, краязнаўства, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар манаграфій, літаратурных партрэтаў, эсэ. У манаграфіях "Купальскія песні" (1974), "Валачобныя песні" (1989), "Жніўныя песні" (1993) раскрыў гісторыю збірання і вывучэння найбольш характэрных твораў беларускай вусна-паэтычнай творчасці канкрэтных жанравых разнавіднасцей, іх генэзіс, своеасаблівасць функцыянальна-жанравай прыроды песень, паходзанне абрадаў і песень, што іх суправаджаюць, сістэму іх вобразна-выяўленчых сродкаў, паэтыку, сюжэтны рэпертуар. Аўтар манаграфіі "Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэтычны аспект" (1998). У калектыўным томе "Каляндарна-абрадавая паэзія" (2001) з серыі "Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка" паказаў гісторыю збірання і даследавання беларускай каляндарна-абрадавай творчасці, прааналізаваў веснавы перыяд народнага календара, структуру і семантыку яго абрадаў, тыпалогію і паэтыку песень, юраўскія абрады і песні, песні валачобныя, веснавой талакі, летні перыяд гаспадарчага года, яго паэтыку, песні, жніўныя абрады і песні, восеньскую каляндарную лірыку, яе тыпалогію і паэтыку. Аўтар шэрагу нарысаў пра лёсы як беларускіх збіральнікаў, так і носбітаў і выканаўцаў фальклору, у тым ліку кнігі "Песню – у спадчыну" (1989). Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў и каменатроў да тамоў серыі БНТ: "Жніўныя песні" (1974), "Восеньскія і талочныя песьні" (1981), "Купальскія і пятроўскія песні" (1985). Складальнік зборнікаў "Беларускія народныя песьні" (1970), "Паэзія беларускага земляробчага календара" (1992). Аўтар сцэнарыяў да дакументальных фільмаў. Збіральнік беларускага фальклору: многія запісы апублікаваны ў тамах БНТ. Адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979). Аўтар падручнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская вусная народная творчасць» (1979; 2000), аўтар вялікага раздзела ў падручніку для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.» (2000).

Гурскі Антон Іванавіч (нар. у 1936) беларускі фалькларыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1959). Кандыдат філалагічных навук (1979). З 1959 г. працаваў у ІМЭФ. Вывучаў народныя каляндарна-абрадавыя песні зімовага цыкла, пазаабрадавую паэзію, казкі, прыказкі і прымаўкі, легенды і паданні, прыпеўкі, творы дзіцячага фальклору. Аўтар манаграфій “Зімовая паэзія беларусаў” (1980) і “Святкаванне Калядаў на Беларусі” (1998), “Тайны народнай песні” (1994), “Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі” (2001), “Чаму вучыць народная песня” (2007), “Пазаабрадавая лірыка ўсходніх славян” (2008). Ажыццявіў усебаковае даследаванне народных загадак у манаграфіях “Беларускія загадкі: даследаванне жанру” (2000) і “Загадка ў славянскім фальклоры” (2009). У манаграфіі “З любоўю да народа” (1989) звярнуўся да вывучэння гісторыі фалькларыстыкі. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы серыі БНТ: складальнік тамоў “Загадкі” (1972) і “Легенды і паданні” (1983, абедзве ў суаўтарстве з М. Грынблатам), “Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі” (1975), “Земляробчы каляндар” (1990). Збіральнік беларускага фальклору, у тым ліку ў вёсках, пацярпелых ад ЧАЭС. Выдаў некалькі зборнікаў казак, легенд і паданняў для дзяцей.

Малаш Леаніла Апанасаўна(1927–2012). Беларуская фалькларыстка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986). Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1952). Кандыдат філалагічных навук (1967). У 1968–1990 гг. супрацоўнік ІМЭФ. Сфера навуковых інтарэсаў – беларускі і славянскі фальклор, гісторыя беларускай фалькларыстыкі, беларускае вяселле ў агульнаславянскім кантэксце. Аўтар кнігі «Беларуска-польская фальклорная інтэрферэнцыя ў кантэксце культурных кантактаў» (1998), суаўтар прац «Беларуская фалькларыстыка: эпоха феадалізму» (1989), «З душою славяніна: жыццё і дзейнасць З. Я. Даленгі-Хадакоўскага» (1991), «Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму» (1973), «Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў – польскага і славацкага» (1993). Яе фальклорныя запісы папоўнілі тамы з серыі БНТ: «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Прыпеўкі» (1989), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993). Укладальніца кніг «Вяселле: песні» (кн. 1–6, 1980–1988) з серыі БНТ, «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (1974, з А. Дэем), «Выбранае. Зарыян Даленга-Хадакоўскі» (2007).

Цішчанка Іван Кірылавіч (1930–2001), Беларускі фалькларыст, літаратуразнавец, педагог. Кандыдат філалагічных навук (1968), прафесар (1992). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986). Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1956). Сфера навуковых інтарэсаў – гісторыя беларускай фалькларыстыкі, беларуская міфалогія, песенны фальклор. Аўтар кніг "Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру" (1971), "Жыццё песні" (1984), "Да народных вытокаў. Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50–60-я гады ХІХ ст." (1986). Суаўтар манаграфій "Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць" (1967), "Беларуская народна-паэтычная творчасць" (1979), "Беларуская фалькларыстыка" (1989) і інш. Адзін са складальнікаў зборнікаў "Беларускія частушкі" (1960), "Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны" (1961), "Паэзія барацьбы" (1985) і іншых, а таксама кніг з серыі БНТ – "Жартоўныя песні" (1974), "Песні пра каханне" (1978), "Сямейна-бытавыя песні" (1984), "Сацыяльна-бытавыя песні" (1987, з В. Скіданам), "Прыпеўкі" (1989). Збіральнік беларускага фальклору, яго запісы ўвайшлі ў тамы серыі БНТ: "Радзінная паэзія" (1971), "Жніўныя песні" (1974), "Прыказкі і прымаўкі" (кн. 1–2, 1976), "Зімовыя песні" (1978), “Песні пра каханне” (1978), "Выслоўі" (1979), “Валачобныя песні” (1980), “Легенды і паданні” (1983), “Сямейна-бытавыя песні” (1984), “Купальскія і пятроўскія песні” (1985), “Сацыяльна-бытавыя песні” (1987), “Вяселле: песні” (кн. 1–6, 1980–88) і інш. Папулярызатар беларускага фальклору. Аўтар сцэнарыяў да дакуметальных фільмаў пра А. Русака, Р. Шырму, М. Забэйду-Суміцкага.

Гілевіч Ніл Сымонавіч (1931–2016). Беларускі літаратар, грамадскі дзеяч, фалькларыст. Народны паэт Беларусі (1991). Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча (1951), філфак БДУ (1956). Працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. Аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978). Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). Папулярызатар беларускага фальклору ў перыядычным друку, выступах на радыё і тэлебачанні.

Кавалёва Рыма Мадэстаўна (нар. У 1942), беларуская фалькларыстка. Кандыдат філалагічных навук (1976). Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1965). Кола навуковых інтарэсаў – сучасны стан беларускай фальклорнай традыцыі, беларуская і славянская каляндарна-абрадавая паэзія, малыя фальклорныя жанры, гендэрны аспект беларускага фальклору, семантыка фальклоных вобразаў і інш. Адна са складальнікаў кніг “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры: Брэсцкая вобласць” (1973), “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры: Гомельская вобласць” (1989), Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць” (1995). Складальніца метадычных дапаможнікаў “Каляндарна-абрадавая паэзія” (1984), “Чарадзейныя казкі” (1985). У суаўтарстве падрыхтавала працу “Свет славянскага фальклору” (2001). Рэдактар зборнікаў “Усходнеславянскі фальклор: пошукі новых падыходаў” (2000), “На хвалях філалогіі: даследаванні па тэорыі літаратуры і славянскай фалькларыстыцы” (2002), “Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі”.

Санько Сяргей Іванавіч, філосаф, бадай упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі разгледзеў такія катэгорыі як “Мадэль свету” “Карціна свету” і іх значэнне для разумення асноўных святаў календару (“Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі”, 1998).
Творы:

  • Санько С. І. Духоўная перадгісторыя Беларусі: свет – соцыум – чалавек у міфа-паэтычнай карціне свету // Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі: у 6 т. Мінск, 2008. Т. 1. Эпоха Сярэднявечча. С. 137–232.

Кухаронак Таццяна Іванаўна (н. 7.8.1954, в. Клінок Чэрвеньскага р-на), этнограф. Кандыдат гістарычных навук (1988). Даследуе гістарычную эвалюцыю сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе тэрытарыяльна агульныя і лакальныя рысы, тэндэнцыі развіцця на сучасным этапе. Аўтар відэафільмаў аб каляндарных святах і сямейных абрадах беларусаў «Калядныя цары» (1997), «Зажынкі, дажынкі» (2001), «Сёмуха» і «Мікола зімовы» (абодва 2003), “ІІІчодры вечар» (2004). Аўтар прысвечаных каляндарнай абраднасці раздзелаў у серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”. Ёй належыць падагульненне традыцыі маскавання ў каляндарнай абраднасці.

Шарая Вольга Мікалаеўна (н. 22.8. 1965, в. Мокрая Дуброва Пінскага р-на), фалькларыст, этнолаг. Доктар філалагічных навук (2003). Даследуе каляндарныя абрады, сямейна-родавыя адносіны і нар. рэлігійнасць у працэсе сацыякультурных перамен, сутнасць канцэпту «род» у традыцыйных нар. уяўленнях, адлюстраваных у фальклоры, сімвалічныя сродкі, якія выражаюць родавыя адносіны, тэарэтыка-метадалагічныя аспекты вывучэння традыцыйнай культуры. З 1989 праводзіць палявыя даследаванні ў Зах. Палессі па спецыяльна распрацаванай праграме. Сістэмна даследавала абрад Куст, які захаваўся ў Пінскім Палессі. Вынікі даследавання абраднасці беларусаў на Тройцу прадстаўлены ў раздзелах калектыўных манаграфій «Каляндарна-абрадавая паэзія» (2001), «Беларусы. Вусная паэтычная творчасць» (2004). Упершыню фундаментальна даследавала сутнасць рэлігійнага ўшанавання продкаў у традыцыйнай нар. культуры.
Творы:

  • Шарая О. Н. Ценностно-нормативная природа почитания предков / Ольга Шарая. - Мн. : Тэхналогія, 2002. - 249 с.
  • Шарая О. Западнополесский обряд «вождение Куста» как социокультурный феномен и проблемы его изучения // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. Зборнік навуковых прац. – Вып. 2. – Мінск : Бел. навука, 2015. С. 32-66.
  • Шарая О. Н. Проблемы методологии и достоверности данных при картографировании так называемых ''кустовых фиксаций'' / Шарая О. Н. // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі : [зборнік артыкулаў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры", філіял "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы". – 2017. – Вып. 22. ― С. 407―413
  • Шарая В. М. Каляндарныя абрады ўшанавання продкаў у традыцыйнай культуры беларусаў: праблемы і перспектывы даследавання / Вольга Шарая // Acta Albaruthenica / Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego. – 2018. ― Т. 18. ― С. 317―332
  • Шарая В. М. Траецкі святочна-абрадавы комплекс беларусаў: рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці / Шарая В. М. // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі : [зборнік артыкулаў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры", філіял "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы". – 2021. ― Вып. 30. ― С. 332―338

Сівіцкі Уладзімір Мікалаевіч шмат увагі прысвяціў даследаванню веснавога цыклу каляндарнай абраднасці. Асабліва выніковым стала вывучэнне русальнай абраднасці і тлумачэнне міфасемантыкі ўласна вобразу русалкі.
Творы:

  • Сівіцкі У. М. Русальная традыцыя беларусаў: міфапаэтычная сістэма, тыпалагічныя паралелі/ У.М. Сівіцкі. Мінск: Тэхналогія, 2006. 187 с.
  • Сівіцкі У. Традыцыя гукання вясны ў беларусаў: міфасемантыка сезонна-каляндарнай змены // Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні. Вып. 2. – Мінск : Беларус. навука, 2015. С. 7-31.
  • Сівіцкі У. М. Аўдакеі: міфасемантыка і функцыянальнасць свята / Уладзімір Сівіцкі // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі". – 2018. ― № 3. ― С. 72―75 ; № 4. ― С. 72―74
  • Сівіцкі У. М. Функцыянальная семантыка Грамніц у ранневеснавым народным календары беларусаў : Уладзімір Сівіцкі // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі". – 2016. ― № 3. ― С. 72―75 ; № 4. ― С. 79―81
  • Сівіцкі У. М. Благавешчанне ў народным ранневеснавым календары беларусаў : Уладзімір Сівіцкі // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі". – 2016. ― № 5. ― С. 77―80.

Антропаў Мікалай Паўлавіч (нар. 30 лістапада 1950 года ў Мінску). Па яго меркаванню, пазабеларускія паралелі служаць надзейнай і даволі прадуктыўнай базай для рэканструкцыі беларускіх дадзеных, фіксаваных у адзінкавых запісах. Да прыкладу, супастаўленні беларускай Камаедзіцы з паўднёваславянскімі “мядзведжымі” днямі дазволіла зрабіць шэраг цікавых высноў адносна самога матыву пераадольвання аб’ектам (калісьці, верагодна, татэмам) розных відаў сітуацыі каляндарнага пераходу.
Творы:

  • Антропов Н.П. "Вождение Куста" в контексте проблематики белорусско-инославянских (/неславянских) этнолингвистических соответствий: доклад на XV Международном съезде славистов (Минск, 20–27 августа 2013 г.) / Н. П. Антропов. - Минск : Право и экономика, 2013. - 45 с.
  • Этналінгвістычны кантынуум заходнепалеска-беларускага абрадавага Куста / Мікалай Антропаў // Беларускі фальклор : матэрыялы і даследаванні : зборнік навуковых прац / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Філіял "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы". – Мінск, 2014–2015. ― Вып. 2. ― С. 100―150.
  • Антропов Н.П. Белорусская комоедица на фоне южнославянских “медвежьих” дней и ритуалов / Н.П. Антропов // Славянские языки: аспекты иссле-дования: сб. науч. ст. / под общ. ред. Е.Н. Руденко. – Минск: Изд. центр БГУ, 2009.

[1 из -]
© 2024 Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі